Халасцякоў і багатых абкласці падаткамі, а алкаголікаў — стэрылізаваць

Увесці падатак на мужчын, якія не маюць дзяцей, прапанаваў днямі старшыня Федэрацыі прафсаюзаў Беларусі Леанід Козік. Такім чынам ён збіраецца папаўняць бюджэт. Калі народзіцца першы дзіцёнак, падатак павінны знізіць на 50%. Пры нараджэнні другога — падатак адмяняецца. А калі народзіцца трэці — дзяржава верне ўсе заплочаныя раней грошы, перадае БЕЛТА.

“Ну, голь на выдумкі хітра. Праславіцца добрымі справамі вельмі цяжка, а вось гадасць якую зрабіць —  калі ласка: вядомасць будзе незвычайная”
, — так адрэагаваў на падобную прапанову Козіка лідэр ЛДПБ Сяргей Гайдукевіч.

Сам былы дэпутат таксама любіў пасваволіць. Ён прапаноўваў дазволіць мужчыну даваць сваё прозвішча ўсім па-за шлюбным дзецям, якія ў яго ёсць. Нават цяпер успамінаць гэта без смеха не можа:

“Вы ведаеце, што самае дзіўнае — мяне падтрымала столькі мужыкоў! Да мяне настолькі сур’ёзна пачалі ставіцца: “Сяргей Васільевіч, вашая праўда! Ёлкі-палкі! Да гэтага трэба ставіцца з гумарам. Калі б такога не было, паверце мне, жыццё было б нашмат больш сумным”.

Сяргей Гайдукевіч прызнаецца, што мэта такіх прапановаў —  прыцягнуць увагу да сваёй персоны:

“Усё гэта нараджаецца не ад жадання штосьці зрабіць — а, у асноўным, гэта чысты піар”.

Былая дэпутатка Вольга Абрамава сама хоць і не была аматаркай пасмяшыць залу, лёгка прыгадвае перлы іншых:

“Самае смешнае ў нас, канечне, заўсёды рабіў Хрол. Абкласці падаткам мабільныя тэлефоны, пераўтварыць Глыбокае ў Лас-Вегас і г.д., увесці забарону на курэнне ў аўтамабілях. Мноства было, усяго я і не ўзгадаю”.

Сапраўды эканамічныя “шэдэўры” належаць Васілю Хролу. Гэта ён прапанаваў абкласці падаткам бессямейных:

“Няхай кожны з халасцякоў плаціць 0,1 базавай велічыні ў месяц, гэта каля 3 тысячы рублёў у месяц. Паводле маіх падлікаў, у нас у краіне дзесьці мільён халасцякоў. Атрымліваецца мільён еўра ў месяц. У год — 12 мільёнаў еўра! Гэта ж такія грошы для бюджэта”, ― падлічыў прыбытак спадар Хрол.

Згодна з меркаваннем Васіля Хрола, разам з халасцякамі папаўняць бюджэт Беларусі павінны таксама ўладальнікі мабільных тэлефонаў і аўтамабіляў:

“Давайце ўвядзем так званы падатак на багацце і прымусім усіх уладальнікаў аўтамабіляў з аб’ёмам рухавіка больш за два літры плаціць па 100 долараў у год у мясцовы бюджэт, а грошы накіруем на ўтрыманне дарог. У Беларусі мільён аўтамабілістаў маюць аўто з аб’ёмам рухавіка больш за два літры. Вось вам 100 мільёнаў долараў. За гэтыя грошы можна такія дарогі пабудаваць!”

Апроч гэтага народны абраннік прапаноўваў пераўтварыць беларускі горад Глыбокае ў Лас-Вегас. На думку парламентарыя, туды трэба перавезці ўсе казіно — і там “з’явяцца хмарачосы, будуць арганізаваныя авіярэйсы з усіх буйнейшых гарадоў свету”.

Пераплюнуць па абсурднасці прапановаў дэпутата Хрола мог толькі дэпутат Касцян. Ён прапаноўваў стэрылізаваць алкаголікаў ды іншых антысацыяльных асобаў:

“Сышоўся чалавек з адной жанчынай —  не атрымалася. Сышоўся з другой. Нарадзіўся дзіцёнак — і зноў развод. Трэцяга разу дапусціць нельга. Безадказнага лавеласа трэба падвергнуць прымусовай стэрылізацыі”.


“Такіх выпадкаў вялікая колькасць, у зале было шмат вясёлых рэчаў”
, — узгадвае Вольга Абрамава:

“Быў вельмі вясёлы эпізод, калі дэпутат Дубовік у 3-м скліканні прапанаваў, каб дэпутатам Палаты прадстаўнікоў дзяржава аплочвала размовы па мабільных тэлефонах. Гэта была ўвогуле анархія. Давялося ўстаць і запярэчыць, што ў дэпутатаў парламента цалкам нармальны заробак, каб аплочваць свае мабільныя тэлефоны”.


“Парламент — гэта адлюстраванне свайго народа”, — такую выснову зрабіла Вольга Абрамава.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі