Happy Face “Сверхновая”

120711 Agljadacha.mp3

Некалі сапраўды папулярны маладзечанскі гранж-гурт Happy Face, які раптоўна вырашыў вярнуцца на сцэну пасля больш чым дзесяцігадовага перапынку, выдаў новы альбом. Як высветлілася, гатовы ён быў ужо даўно, але хлопцы чакалі больш зручнага часу для выдання. “Трэба перачакаць крызіс, каб у людзей цікавасць да музыкі вярнулася”, - жартавалі яны. Відаць, крызіс мінуў і дыск “Сверхновая” выйшаў. Праўда, нашы чаканні ён усё ж падмануў, бо атрымаўся велімі роўным, нават з пераборам. На ім амаль немагчыма вызначыць больш ці меньш удалыя трэкі. З аднаго боку, вядома, гэта добра, так бы мовіць, почырк, а з іншага – хацелася б і хітоў паслухаць.

Альбом “Сверхновая” вельмі мінорны, нават, тужлівы, а разам з гэтым і прыпапсаваны. Старая баевіковасць ды запал Happy Face кудысьці зніклі. Відаць, хлопцы пасталелі… Вельмі не хапае рванага вакалу-крыку некалі вакаліста, а цяпер толькі гітарыста гурта Яўгена Пракаповіча. Але гэта зусім не значыць, што Аляксей Цецін не спраўляецца з задачай фронтмэна. Ён жа і раней выконваў ролю вакаліста, праўда другога. А вось каб яны можа чаргаваліся, каб больш цяжкія і надрыўныя моманты спяваў адзін, а больш меладычныя ды лірычныя – іншы. Тым больш, што ў Лёшы гэтыя партыі атрымліваюцца з асаблівай адданасцю, адчуванне, што ён кожны раз нанова перажывае апісаныя ў песні эмоцыі.

А яшчэ вельмі хацелася пачуць хаця б адну песню на беларускай і, як гэта ні дзіўна, на англійскай мовах. Бо хацелася параўнаць!.. Тым больш, хлопцы ўжо працавалі з імі: дэбютнік Happy Face быў цалкам англамоўны, а адмыслова для выступу на “Басовішчы” ў 2001 годзе была падрыхтаваная беларускамоўная праграма, на жаль, так нідзе і не выдадзеная. Калісьці музыкі прызналіся, што на беларускай пісаць не ўмеюць, але будзем спадзявацца, што эксперымент з перакладам ці чужым тэкстам яшчэ наперадзе.

І калі ўжо пачалі казаць пра эксперыменты, то вельмі цікавы яго прыклад на апошнім, трынаццатым трэку кружэлкі. Хлопцы аб’ядналіся з рэперам Муза Скат і атрымалі яшчэ адзін варыянт песні “Точка невозврата”. Даволі якасны, а галоўнае, запамінальны прадукт. Абсалютна нечаканы крок для гранжараў, і пры гэтым вельмі дзейсны. Прычым, рэп-версія песні, натуральна, падаецца значна лепшай за арыгінал.

Зараз хлопцы працуюць над наступным дыскам. Праўда, пакуль невядома, калі ён з’явіцца, бо працэс толькі пачынаецца. Таму, карыстаючыся магчымасцю, хочацца параіць не рабіць наступны альбом такім вылізаным і акуратненькім. Тым больш, на канцэртах Happy Face гучаць менавіта так, як і чакаеш ад старых гранжаў. А вось на альбоме “Сверхновая”… ну вельмі чыста, ну вельмі прыгожа і роўна… а шкада!

Трэк-ліст:

01. Сверхновая
02. Совесть
03. Крылья из кевлара
04. Идущий в рай
05. Америка
06. Точка невозврата
07. Следы и знаки
08. Бесконечность. Пустота. Вечность.
09. Трагедия кумира
10. Вне реальности
11. Вечная осень
12. Криминал
13. Точка невозврата (Feat. Муза Скат) - бонус.

Склад:

Аляксей "Мумрык" Цецін - вакал, бас
Яўген "Жэка" Пракаповіч - гітара
Ігар М-Клемянок - бубны

Бралі ўдзел у запісе:

Вікторыя Таран - віяланчэль
Леанід Гарадніцкі - запіс бубнаў
Іван Лучшы - дырэктар
Генадзь Сыракваш - прадзюсар

Запіс на студыі Pro 2 Studio

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі