Гурты Happy Face і "Голая манашка" адыгралі агульны рэюніян-канцэрт

111129 Malina Golaja.mp3

На пачатку 90-х сярод школьнікаў ды студэнтаў напэўна кожны другі насіў майкі з лагатыпам гурта Nirvana ды партрэтам Курта Кабэйна. У той час гранж можна было смела назваць адным з самых папулярных музычных накірункаў. Зараз сітуацыя змянілася і такія майкі сустракаеш рэдка, ды і гуртоў, якія выконваюць такую музыку, амаль не чуваць. Але днямі ў клубе "Графіці" адбылося своеасаблівае вяртанне ў тыя часы. Выступалі гурты, без якіх раней было немагчыма уявіць мінскую гранж-вечарыну - адроджаныя Happy Face і "Голая манашка".

"Гэта сапраўды заўжды прыемна, сустрэцца, выпіць чарку недзе ў карчме і паслухаць музыку, на якой мы раслі, часам натхняліся, - дзеліцца сваім адчуваннем гэтай музыкі наведвальнік канцэрту. - Усе гэтыя каманды, людзі... Гэта быў той рухавік, з дапамогай якога мы ішлі ўпэўненымі крокамі да сённяшняга дня. І мабыць яшчэ некаторы час будзем рухацца такім чынам".

Абодва калектывы не было чуваць вельмі даўно. Да прыкладу, Happy Face не канцэртавалі і не выдавалі дыскаў амаль 12 год, але зараз вярнуліся з цалкам новай праграмай і гатоўнасцю да актыўнай працы.

"Happy Face будзе існаваць і мусіць існаваць, бо музычнага матэрыялу багата. Яго трэба рэалізоўваць. Гурт мусіць працаваць і прыносіць людзям станоўчыя эмоцыі, - распавядае пра планы бубнач Happy Face Леанід Гарадзінскі і дадае сваё стаўленне да музычнай стылістыкі. - Гранж, як і любы накірунак актуальны і запатрабаваны. Людзі любяць слухаць гэтую музыку, чакаюць і жадаюць патрапіць на канцэрт".

І насамрэч, у Графіці было нечакана шмат людзей: вядома, не скажаш, што аншлаг, але вольных месцаў амаль не было. Шкада толькі, што Happy Face так і не здолелі паказаць сваю новую праграму цалкам. Справа ў тым, што вакаліст гурта Аляксей "Мумрык", відаць, перахваляваўся і крыху перабраў. Адыграўшы прыкладна траціну запланаванага матэрыялу бубнач і гітарыст калектыву адначасова сышлі са сцэны.

"Яўген прыняў рашэнне (гітарыст Happy Face - заўв. Еўрарадыё) скончыць выступ раней, а я, гледзячы на Яўгена, таксама паклаў палачкі і выйшаў з-за бубнаў, - тлумачыць сітуацыю Леанід Гарадзінскі. - Хоць мы вельмі жадалі адыграць. У нас было дзве новыя песні з новага альбома, але не з таго, што зараз выйдзе, а з наступнага. Але на жаль, не атрымалася, спадзяюся ў наступны раз мы гэта зробім".

Музыкі дадалі, што кідацца ў крайнасці не збіраюцца і будуць працягваць працу. Дарэчы, трэці студыйны альбом "Сверхновое" запісаны ўжо дастаткова даўно, але музыкі вырашылі пакуль яго не выдаваць. Маўляў, трэба перачакаць крызіс. У выніку, пра канфуз, які адбыўся на сцэне Графіці, наведвальнікі вельмі хутка забыліся, дзякуючы "Голай манашцы" і яе моцнаму гучанню. Гурт відавочна вырас у музычным сэнсе, хоць і не выступаў некалькі год.

"Варта заставацца сабой. Прыйдзе свой час для кожнага, - каментуе паўзы ў творчасці, а адпаведна і змяншэнне колькасці прыхільнікаў "Голай манашкі", лідар гурта Фёдар Жывалеўскі. - Глядзець на тое, хто прыйшоў, і як хто рэагуе, трэба рабіць у апошні момант. Варта заставацца верным нейкім сваім прынцыпам. Вось гэта варта таго, каб звяртаць увагу на сябе, хто мы ёсць, кім былі і кім з'яўляемся".

Напрыканцы канцэрта Федзя выканаў некалькі песень сольна ў акустыцы, чым паставіў тлустую кропку ў мерапрыемстве.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі