“Хай падпісваюцца, але гэта не азначае, што іх подпісы мы некуды панясём”
За 5 дзён да заканчэння збору подпісаў пікеты за Лукашэнку і Гайдукевіча зніклі, за Караткевіч і Цярэшчанку подпісы збіраюць, але яны ім ужо не трэба
Прайшоўся ў абедзенны час па культавым для зборшчыкаў подпісаў месцы ў Мінску: ГУМ—універсам “Цэнтральны”. І адно расхваляваўся — ніводнага пікета ў падтрымку прэтэндэнта ў прэзідэнты Аляксандра Лукашэнкі! У чым прычына, сабралі звыш 900 тысяч подпісаў за яго вылучэнне кандыдатам і супакоіліся?
“А сэнсавая нагрузка якая ўжо ў гэтых пікетах? — пытаннем на пытанне адказвае прадстаўнік выбарчага штаба Лукашэнкі Сяргей Пігараў. –—Адстаялі ў пікетах практычна 20 дзён, і што? І вось вынік! Так што, хутчэй за ўсё, заўтра гэтых пікетаў ужо не будзе. Ну, калі толькі ў тых месцах, дзе праходзяць школьныя кірмашы…”
Тым не менш, супакойвае мяне суразмоўца, падпісацца за Аляксандра Лукашэнку магчымасць будзе ў кожнага да апошняга дня — па краіне будуць працаваць 164 “грамадскія прыёмныя”, дзе гэта можна будзе зрабіць. Абяцае паведаміць адрасы гэтых прыёмных крыху пазней. Але з улікам таго, што галоўныя зборшчыкі подпісаў за дзеючага кіраўніка краіны — “Белая Русь”, то здагадацца, дзе будуць тыя прыёмныя, не складана. На пытанне, ці будуць яшчэ збіраць подпісы па кватэрах, адказвае: “Мы па адным разе кватэры абышлі: ісці па другім разе — людзі нас не так зразумеюць”. Не ведаю, але асабіста да мяне зборшчыкі подпісаў за гэтага прэтэндэнта ніводанага разу не прыходзілі. Як, праўда, і за ўсіх астатніх…
Падчас сваёй прагулкі ля ГУМа бачу пікеты Сяргея Гайдукевіча, Таццяны Караткевіч і Віктара Цярэшчанкі. За апошняга збіраюць яшчэ і ля “Цэнтральнага”. Міжволі звяртаю ўвагу: калі на абодвух пікетах Віктара Цярэшчанкі зборшчыкі подпісаў апранутыя ў майкі-“вышыванкі”, то іх “канкурэнты” — у майках з выявай сваіх прэтэндэнтаў.
Пастаяў, паназіраў. Людзі падыходзяць да ўсіх пікетаў, але звяртаю ўвагу, што калі ў першыя дні зборшчыкі змагаліся за подпіс кожнага чалавека, які праходзіў побач, то цяпер перапісваюць звесткі з пашпарта ледзь не праз сілу. Дзяўчына-зборшчыца на пікеце Гайдукевіча ўвогуле проста частуе мінака кавалкам сваёй шакаладкі і нават не настойвае, каб той “разлічыўся” подпісам — ідзеш сабе і ідзі…
“А мы ўжо не збіраем подпісы! — Весела заяўляе Алег Гайдукевіч. — Ужо ў нас збору подпісаў няма, з панядзелка мы яго не ажыццяўляем!”
Не, падпісацца пры жаданні вы можаце, але ў выбарчую камісію яго нават і здаваць не будуць. Маўляў, у ЛДПБ вырашылі, што здадуць у выбарчыя камісіі 120 тысяч подпісаў. Сабрана ўжо больш, нават паспелі здаць у выбарчыя камісіі па краіне 80 тысяч, і ў новых проста няма патрэбы. Ну, калі толькі пакінуць іх напамяць у архівах партыі…
Штаб Віктара Цярэшчанкі пачне здаваць подпісы 20-21 жніўня. І пікеты прыбіраць з вуліц яны не збіраюцца. Іншае, што вашы подпісы ўжо і гэтаму прэтэндэнту не вельмі патрэбныя.
“Будуць падпісвацца — хай падпісваюцца, але гэта не азначае, што мы гэтыя подпісы будзем некуды ўключаць, — распавядаюць мне ў штабе прэтэндэнта-эканаміста. — У нас ёсць неабходная колькасць подпісаў — звыш 145 тысяч, мы цяпер іх правяраем і рыхтуем да здачы ў тэрытарыяльныя камісіі”.
У Таццяны Караткевіч таксама ўжо сабрана 100 тысяч подпісаў. Але яны, кажа вылучэнка ад “Народнага рэферэндуму” будуць працягваць збіраць да апошняга дня — 21 жніўня. Іншая справа, што не ўсе сабраныя ў апошнія дні подпісы патрапяць ў камісіі і будуць улічаныя, тлумачыць Таццяна Караткевіч.
Таццяна Караткевіч: “Напрыклад, у Мінск прыехаў чалавек з Бабруйска. І калі ён 21 жніўня падпішацца за Таццяну Караткевіч, то нам складана будзе ў Бабруйск перадаць гэты подпіс. Таму, у апошнія дні будзем старацца, каб кропка збору подпісу супадала з прапіскай чалавека, які падпісаўся. Тады прасцей проста будзе да вечара данесці”.
Якая тактыка паводзінаў у апошняга прэтэндэнта-“стотысячніка” Мікалая Улаховіча? Яны, кажа кіраўнік ініцыятыўнай групы “казацкага атамана” Міхаіл Образаў, да апошняга дня будуць хадзіць па кватэрах і інтэрнатах — пікетаў у іх і так было не шмат.
Міхаіл Образаў: “Бо па нашым плане мы 110 тысяч мусім сабраць. Ну, каб быў запас. А то, мала там што, недалічыцца, аблічыцца…”
За лідара партыі левых “Справядлівы свет” Сяргея Калякіна пакуль сабралі 70 тысяч подпісаў, кажа кіраўнік ініцыятыўнай групы Валерый Ухналёў. Таму збіраць будуць да апошняга — раптам паспеюць набраць неабходную колькасць?
Колькі подпісаў сабралі на сёння за лідара АГП Анатоля Лябедзьку, ён не кажа. Маўляў, паведамяць лічбы 21 жніўня вечарам. Калі аднясуць сабраныя подпісы ў тэрытарыяльныя камісіі. Ну, ці не аднясуць. Але збіраць таксама будуць да апошняга. Хаця б для таго, каб скарыстацца магчымасцю сустракацца і гаварыць з людзьмі.
Як справы са зборам подпісаў у Жанны Раманоўскай — невядома. На тэлефанаванні яна не адказвае. Гэты кандыдат нібыта персанаж з анекдота: вы яго не бачыце, а насамрэч, ён ёсць!”
Фота: Змітра Лукашука