Хлопчык з Рэчыцкага дома-інтэрната ўсё ж паедзе на сустрэчу з Нікам Вуйчычам
Выхаванцу Рэчыцкага дома-інтэрната Адаму Эсерту ўсё ж дазволілі сустрэцца са знакамітым аўстралійскім матывацыйным аратарам Нікам Вуйчычам, які выступіць з прамовай у Мінску 15 красавіка, паведамляе TUT.by
Хлопчык нарадзіўся без абедзвюх рук і пры дапамозе педагогаў навучыўся пісаць, маляваць і працаваць на кампутары. Нік Вуйчыч перад сваім візітам у Беларусь даведаўся пра гэтага хлопца і напісаў яму ліст. Аратар запрасіў Адама на свой выступ у Мінск і паабяцаў сустрэцца з ім асабіста. Аднак адміністрацыя дома-інтэрната, дзе выхоўваецца беларускі хлопчык, спачатку адмовілася даваць дазвол на гэтую сустрэчу. Кіраўніцтва інтэрната палічыла, што такая сустрэча можа нашкодзіць Адаму.
Пасля вялікага розгаласу ў СМІ рашэнне змянілі і цяпер Адам Эсерт зможа паехаць у Мінск і паразмаўляць з аўстралійскім аратарам.
Нік Вуйчыч нарадзіўся без рук і ног, але здолеў засвоіць усе навыкі самаабслугоўвання, атрымаў паўнавартасную адукацыю, стварыў сям’ю і стаў знакамітым на ўвесь свет сваімі матывуючымі прамовамі.