Хлопец, які сядзіць у СІЗА па падазрэнні ва ўгоне, выйграў аўтамабіль
Сенсацыяй скончылася ўручэнне суперпрызоў 48-га тура рэкламнай гульні "Удача впридачу!", якую ладзіць кампанія "Еўраопт".
Арганізатары не змаглі ўручыць пераможцу аўтамабіль — пазадарожнік Hyundai Creta. Як піша БЕЛТА, уладальнікам аўто мусіў стаць 19-гадовы Канстанцін Сіротка з Мінска, чый гульнявы код стаў выйгрышным.
Аднак па тэлефонным нумары Канстанціна адказала яго дзяўчына Ірына. Па яе словах, яе хлопец Канстанцін з кастрычніка знаходзіцца ў следчым ізалятары: яго падазраюць ва ўгоне аўтамабіля. Таму апошнім часам дысконтнай карткай Канстанціна карысталася Ірына.
Між тым умовы гульні патрабуюць, каб пераможца даў арганізатарам неабходныя звесткі і сам з'явіўся па прыз. Натуральна, зрабіць гэтага Канастанцін цяпер не можа.
Паведамляецца, што гэта другі выпадак за гісторыю гэтай рэкламнай гульні, калі ўзнікае пытанне з уручэненм прыза. Пэўны час таму галоўны прыз — Audi А4 — выйграў Павел Гурцікаў, які выявіўся грамадзянінам Расіі, які пражывае ў нашай краіне і не мае віду на жыхарства ў Беларусі. На той момант абавязковай умовай удзелу ў гульні для замежнікаў была наяўнасць менавіта віду на жыхарства. У выніку права на атрыманне аўтамабіля перайшло да гульца з рэзервовым кодам.
Цяперашнюю нестандартную сітуацыю будуць вывучаць юрысты ды іншыя спецыялісты. А пакуль што ключы ад аўтамабіля застаюцца ў арганізатараў рэкламнай гульні.