Хлопец, які тануў у Драздах, памёр з-за несвоечасовай дапамогі?
На пляжы мусіў дзяжурыць медык, а побач знаходзіцца “хуткая”. Але відавочца кажа, што падчас аказання першай дапамогі здарылася неразбярыха.
Суботнім вечарам 8 жніўня у вадасховішчы ў мінскіх Драздах патануў 26-гадовы хлопец. Яго выцягнулі з вады і спрабавалі ўратаваць. Тое, як гэта адбывалася, абурыла відавочцаў трагедыі.
“Я гэта ўбачыла, калі ля хлопца сабраўся ўвесь пляж. З моманту, як яго дасталі, прайшло хвілін 10. У натоўпе былі людзі, якія назіралі за ўсім з самага пачатку. Малады чалавек, курчавы, у форме Таварыства выратавання на водах, не рабіў нейкіх актыўных дзеянняў наконт выратавання. Супрацоўнікі службы толькі разганялі натоўп. Меддапамогу на маіх вачах аказвалі толькі супрацоўнік АМАП і нейкія дзве дзяўчынкі, якія адпачывалі на пляжы”, — сцвярджае Кацярына, відавочца здарэння.
Падчас аказання дапамогі, як згадвае Кацярына, утварылася неразбярыха. Дзяўчыне падалося падазроным тое, што ногі тапельца знаходзіліся ў вадзе. Як казалі іншыя зявакі, ніхто не спрабаваў перавярнуць яго на бок ці на жывот, каб адкачаць з лёгкіх ваду. Выратавальнікі пацікавіліся нават тым, ці можа нехта з адпачываючых аказаць першую меддапамогу, кажа відавочца:
“Хуткая" прыехала прыкладна праз 20-25 хвілін пасля таго, як яго дасталі. Гэта доўга, людзі абураліся, што ў такім месцы не было медыкаў. "Хуткая" прыехала. Хвілін праз сем людзі заапладзіравалі, нехта крычаў: “Ён дыхае, ён дыхае”. Але пасля гэтага хлопец вельмі хутка пачаў сінець…”
Кацярына прыгадала і тое, што супрацоўнікі Таварыства выратавання на водах і АМАП спыталіся ў людзей, хто дастаў тапельца з вады.
“Але ніхто не прызнаўся. Хлопец адпачываў з двума сябрамі. Яны выглядалі вельмі нецвярозымі. АМАПавец ці то вобразна, ці то па праўдзе сказаў, што на траіх выпілі 100 літраў піва”, — апавядае Кацярына.
Вядома, што з 1 траўня па 31 верасня на папулярных пляжах павінны дзяжурыць не толькі супрацоўнікі Таварыства выратавання на водах, але і медработнік ды спецыялізаваныя брыгады хуткай меддапамогі. Няўжо ў крытычны момант тых, хто павінен аператыўна і кваліфікавана выратаваць чалавека, на месцы не было?
Звязваемся з вядучым спецыялістам Мінскай гарадской арганізацыі таварыства выратавання на водах Алегам Перасятнікам. Ён толькі-толькі вярнуўся з адпачынку і дае інфармацыю паводле дакументаў, якія запоўнілі яго калегі. Дык вось, версія выратавальнікаў моцна адрозніваецца ад таго, што расказала відавочца.
“Грамадзянін купаўся ў стане алкагольнага ап’янення. Ён патануў. Яго нашы выратавальнікі выцягнулі з вады. Правялі яму непрамы масаж сэрца, штучную вентыляцыю лёгкіх. Для гэтага нават прымянялі адпаведны апарат. Адначасова была выкліканая брыгада “хуткай”. У нас нават нумар ёсць гэтай брыгады. Яго адвезлі ў другую гарадскую клінічную бальніцу, жывога. У выратаванні бралі ўдзел нашы супрацоўнікі з вялікім стажам: Салаўёў, Лукашык, Лушчынскі, Шыкалян. Мужчына жывы з’ехаў у бальніцу. А далей ён дзве гадзіны там пабыў і памёр”, — дае інфармацыю Алег Перасятнік.
У сваю чаргу зусім процілеглае паведамляе агенцтва “Мінск-навіны”, якое часта на прыярытэтнай аснове інфармуюць сталічныя дзяржаўныя органы. Паводле версіі агенцтва, да супрацоўнікаў АМАП звярнуліся падлеткі, якія выцягнулі тапельца з вады. А першасныя рэанімацыйныя мерапрыемствы праводзіў старшы лейтэнант Віктар Мазалеўскі, які “запусціў сэрца пацярпелага”.
Фота studart.by