Хлопец, які затрымаў п'янага палкоўніка за рулём: Ён назваў мяне дзяўчынай

Хлопец, які затрымаў п'янага палкоўніка за рулём: Ён назваў мяне дзяўчынай

Гісторыя пра тое, як 19-гадовы віцебскі хлопец затрымаў за рулём п’янага палкоўніка міліцыі, для многіх стала сенсацыяй. Па-першае, таму, што просты хлопец выявіў адвагу і нейтралізаваў буйную рыбіну, калі тая парушала закон. Па-другое, што яго за гэта не закаталі ў бетон.    

Хлопец, які затрымаў п'янага палкоўніка за рулём: Ён назваў мяне дзяўчынай

Сцісла нагадаем, што сёлета 20 лютага малады чалавек знайшоў спосаб спыніць машыну з нецвярозым начальнікам РАУС Сяргеем Сарокіным і затрымаць яго. У выніку сілавіка на пяць год пазбавілі правоў кіравання аўто, ён павінен сплаціць штраф у 24,4 мільёна. Праводзілася праверка і ў дачыненні да маладога чалавека. Правяралася версія пра самаўпраўства з яго боку і вымагальніцтва. У якасці сведкі выступіла маці Сарокіна і яшчэ адна жанчына — галоўная бухгалтарка з віцебскага прадпрыемства. Але звесткі пра тое, што хлопец нібыта вымагаў грошы, не пацвердзіліся. Жанчын аштрафавалі за лжэсведчанні. Праверка наконт таго, ці меў права хлопец забіраць у нецвярозага міліцыянера ключы ад аўто, працягваецца.

Звязваемся з Артурам Ярашам — героем гэтай гісторыі.      

Еўрарадыё: Многім цікава, што вы за чалавек, раз пайшлі на такі адважны ўчынак.

Артур Яраш: Не ведаю нават, што пра сябе расказаць. Звычайны чалавек, як і ўсе астатнія. Нічога асаблівага ў мне няма.

Еўрарадыё: Можа, вы спартсмен, займаецеся адзінаборствамі?

Артур Яраш: У дзяцінстве боксам займаўся, а зараз ужо не.

Еўрарадыё: Ці можаце нагадаць, як усё адбылося?

Артур Яраш: Было блізу 10 вечара. Ехалі з  дзяўчынай дадому. Перасяклі скрыжаванне, ехалі ў сваёй паласе. Перад намі на развароце стаяла машына, якая па правілах была абавязана нас прапусціць. Адну машыну ён прапусціў, а потым раптоўна развярнуўся, небяспечна нас падрэзаўшы. Мы з ім параўняліся, я паказаў, каб кіроўца апусціў акно. Замест гэтага ён проста спыніўся. Мы сталі перад ім, каб не загароджваць рух іншым машынам.

Еўрарадыё: Не кожны спыніўся б. Раптам за рулём агрэсар, неадэкват. Чаму вы вырашылі з ім пагутарыць?

Артур Яраш: Была вельмі непрыемная сітуацыя, мяне апанавала злосць. Я хацеў выказаць чалавеку прэтэнзіі. З аднаго боку, я паступіў правільна. З іншага — за рулём сапраўды мог сядзець наркаман ці забойца. Я выходзіў не для таго, каб з ім біцца, а каб выказаць яму, што думаю. Па сутнасці, я яму, магчыма, жыццё выратаваў. Ён жа ўвогуле на нагах не стаяў. Мог ехаць і збіць каго-небудзь. Ці ўрэзаўся б у слуп! У яго стане ўсялякае магло здарыцца. 

Хлопец, які затрымаў п'янага палкоўніка за рулём: Ён назваў мяне дзяўчынай
Артур і Аліна, якіх падрэзаў нецвярозы палкоўнік

Еўрарадыё: Ён спыніўся, вы спыніліся. Што адбывалася далей?

Артур Яраш: Я падышоў. Ён адкрыў акно: “Дзяўчына, што здарылася?” Мне здалося, што чалавек увогуле не разумее, што робіць. Я кажу: “Ты што, п’яны?” А ён паспрабаваў з’ехаць. Але наша машына яму перашкодзіла. Тады ён выйшаў з машыны. Маці яго пачала крычаць: “Мне дрэнна, адпусціце нас! Мяне сын вязе ў бальніцу”. Я адказаў: “Раз вам дрэнна, я выклічу вам “хуткую”. Але п’яны ён нікуды не паедзе”. Пачаўся кіпеш: крыкі, пагрозы ў мой бок.

Еўрарадыё: Вы адразу ж даведаліся, што Сарокін — міліцыянер? Ды яшчэ і цэлы палкоўнік, начальнік Першамайскага РАУС Віцебска?

Артур Яраш: Не. Спачатку ён сказаў, што ён проста начальнік. На гэта я адказаў: “Раз ты начальнік, тады я твой зам”. Тады ён сказаў: “Я — начальнік міліцыі. Калі выклічаш ДАІ, то ў цябе будуць сур’ёзныя праблемы”. Калі шчыра, у той момант я думаў, што гэта п’яная балбатня. Толькі калі мы прыехалі ў ДАІ, я даведаўся, што ён сапраўды начальнік РАУС. 

Хлопец, які затрымаў п'янага палкоўніка за рулём: Ён назваў мяне дзяўчынай
Палкоўнік Сарокін разам з калегамі. Фота uvd.vitebsk.gov.by

Еўрарадыё: Усё ж вам 19, а Сарокін — дасведчаны міліцыянер. Як вам удалося яму супрацьдзейнічаць падчас канфлікту?

Артур Яраш: Бойкай гэта не назавеш. Такога, каб там была сур’ёзная сутычка і мы валіліся на зямлю — такога не было. Калі ён паўторна спрабаваў з’ехаць і захацеў ускочыць у машыну, я яго адштурхнуў і забраў ключы. Ён запярэчыў: “Што ты робіш?!” Адказваю: “Ключы забіраю. Чакаем ДАІ”. У Дзяржаўтаінспекцыі ён мне зноўку пагражаў: “Усё, ты трапіў!” Але на справе ўсё абярнулася інакш.

Еўрарадыё: Менавіта гэта многіх здзівіла. Звычайна, калі просты смяротны сутыкаецца з беларускім сілавіком, то не можа дабіцца сваёй праўды. Людзей проста ламаюць. Такіх гісторый безліч. А ў вас атрымалася.

Артур Яраш: Канешне, некаторыя людзі ў форме, атрымаўшы ўладу, думаюць, што ім усё дазволена. Тым больш, калі ты палкоўнік і начальнік. Напэўна, ён падумаў: “Што за малалетка да мяне падышоў! Зараз усё вырашым”. Але мне вельмі спадабалася, як на гэту сітуацыю адрэагавала ДАІ. Мяне гэта моцна здзівіла. Яны не сталі “злівацца”, а шчыльна ўзяліся за сітуацыю. Калі экіпаж ДАІ прыехаў, я аддаў ім ключы ад яго машыны. Яго павезлі на даследаванне наконт алкаголю (у крыві Сарокіна ўтрымлівалася больш за 2 праміле, правы забіраюць усяго пры 0,31 — Еўрарадыё). Дзесьці праз гадзіну нас паразбіралі па кабінетах і пачалі дапытваць. А потым адпусцілі па дамах.    

Хлопец, які затрымаў п'янага палкоўніка за рулём: Ён назваў мяне дзяўчынай

Калі шчыра, мне здаецца, што за лжэсведчанні ім далі маленькі штраф. З-за іх паказанняў мяне маглі пасадзіць,  зламаць жыццё.

Артур Яраш

Еўрарадыё: Ці быў на вас нейкі ціск? Праблемы здарыліся ў буйной рыбіны.

Артур Яраш: Не. Ніхто мне не пагражаў, ніхто не тэлефанаваў. Адзінае, што на форумах некаторыя людзі, відаць, яго сваякі, пішуць, які я дрэнны. Спадзяюся, ніхто мяне шукаць і чакаць каля дома не будзе. Спадзяюся, што і ён чалавек разумны, і яго гэта гісторыя нечаму навучыла. Адзінае, што на нас з дзяўчынай паступіла заява ў Следчы камітэт. Правяралася версія, што я вымагаў грошы і займаўся самаўпраўствам.

Еўрарадыё: Выглядае, што гэта інфармацыя не пацвердзілася, і на гэтым гісторыя скончылася.

Артур Яраш: Калі мы ў першы раз  прыйшлі ў віцебскі Следчы камітэт, нам сказалі, што фактаў вымагальніцтва і самаўпраўства з нашага боку няма. Праз нейкі час мы папрасілі копію вынесенай пастановы. А там было сказана, што ў дзеяннях маіх і Аліны пабачылі факт самаўпраўства. Маўляў, ключы ад машыны я забіраць не меў права. Пра існаванне гэтай пастановы мяне нават не папярэдзілі, хоць я — зацікаўленая асоба. Я адчуваў, што пад мяне капалі і прабівалі інфармацыю па сваяках. Гэтага варта было чакаць. Палкоўнік працуе на такой пасадзе! Мяркую, у яго могуць быць добрыя знаёмствы. Але пасля выхаду артыкула на ТУТ.BY нас выклікаў да сябе ў кабінет кіраўнік нашага Следчага камітэта і патлумачыў, што тая пастанова не сапраўдная, і да нас прэтэнзій няма. Але на гэтым праблема не была вычарпана.

Еўрарадыё: Здаецца, дагэтуль праводзіцца яшчэ адна праверка.

Артур Яраш: Так. На гэты раз следчы задаваў пытанні, абапіраючыся на аргументы Сарокіна. Маўляў, у мяне ёсць знаёмыя ў ДАІ. Сітуацыя была абстаўлена так, нібыта я ў кустах чакаў, пакуль палкоўнік нап’ецца і сядзе за руль. І ў гэты момант я ўзяўся яго падставіць. Насамрэч гэта смешна слухаць. Вынікаў гэтай праверкі я не ведаю. Мяне ніхто пакуль не кранае. Мяркую, што адстаяў сваю правату. 

Хлопец, які затрымаў п'янага палкоўніка за рулём: Ён назваў мяне дзяўчынай
Маці палкоўніка і ўдзельніца інцыдэнту Ларыса Сарокіна шэсць год таму увайшла ў спіс "Чалавек года Віцебшчыны". Год таму жанчына пайшла на пенсію.

Еўрарадыё: За лжэсведчанні была аштрафавана маці Сарокіна і яшчэ адна “сведка” — бухгалтарка з віцебскага прадпрыемства. Яна была на месцы здарэння?

Артур Яраш: Я яе не бачыў, на камерах яе не відаць. А ў судзе яна сказала, што там была. Гэта трэба было назіраць! Падчас суда яна казала, што бачыла, як з вадзіцельскага месца высаджвалася жанчына. Потым — што адтуль проста нехта высаджваўся. Яна і ад сведчанняў адмаўлялася. Я так мяркую, што гэта жанчына можа быць не проста выпадковай сведкай, а іх знаёмай.

Калі шчыра, мне здаецца, што за лжэсведчанні ім далі маленькі штраф (па 2,1 мільёна на кожную, — Еўрарадыё). З-за іх паказанняў мяне маглі пасадзіць,  зламаць жыццё. Але ў цэлым я сітуацыяй задаволены. Можна так сказаць, што ў нас у краіне не ўсё страчана.

P.S. Калі верыць сайту Віцебскага аблвыканкама начальнік мясцовага Першамайскага РАУС Сяргей Сарокін ужо не начальнік

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі