Хрэнін далажыў Лукашэнку, што Захад шукае рашэнне па "беларускім выступе"
Аляксандр Лукашэнка слухае Віктара Хрэніна / БЕЛТА
Краіны Захаду працягваюць шукаць рашэнне па "беларускім выступе", заявіў міністр абароны Віктар Хрэнін падчас дакладу Аляксандру Лукашэнку. Тэмай сустрэчы была падрыхтоўка да сумесных ваенных вучэнняў з Расіяй "Захад-2021".
Такая выснова — "аб пошуку рашэнняў па "беларускім выступе", — па словах Хрэніна, была зробленая зыходзячы з аналізу аператыўнай і баявой падрыхтоўкі ў суседніх краінах. Міністр сцвярджае, што колькасць такіх мерапрыемстваў там значна расце.
"І не толькі на тэрыторыі краін Балтыі і Польшчы, але і на тэрыторыі Украіны", — цытуе кіраўніка абароннага ведамства БЕЛТА.
У сувязі з гэтым Хрэнін лічыць, што "аднымі з самых эфектыўных мерапрыемстваў процідзеяння" з'яўляюцца "мерапрыемствы стратэгічнага ўздзеяння". Зыходзячы з гэтага, па яго словах, і была распрацаваная задума вучэнняў "Захад-2021". Мяркуецца, што вучэнні пройдуць з 10 па 16 верасня.
Раней Віктар Хрэнін ужо казаў, што беларуска-расійскія ваенныя вучэнні "Захад-2021" будуць "больш маштабныя", чым "Славянскае братэрства" 2020 года, і што яны пройдуць у Беларусі на пяці палігонах.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.