Хто і калі будзе плаціць за замену старых гербоў на новыя
Беларускі герб / Гомельские ведомости
У Беларусі плануецца злёгку змяніць дзяржаўны герб: зрабіць надпіс "Рэспубліка Беларусь" большым, чырвоную зорку — ярчэйшай, павярнуць глобус так, каб лепш была відаць Еўропа. Ці давядзецца праз гэтыя касметычныя праўкі мяняць гербы ўсюды, дзе яны цяпер ёсць: на будынках, шыльдах міністэрстваў і іншых устаноў, бланках, пячатках і гэтак далей? І калі так, то ў якую суму гэта абыдзецца бюджэту?
Прэс-сакратар Міністэрства юстыцыі Вольга Шыбко расказала Еўрарадыё, што з часам стары варыянт герба ўсюды зменіцца на новы. Але дакладнага тэрміну ў праекце закона няма:
"Ні год, ні два, ні пяць — тэрмін не вызначаны. Замена старога герба на новы будзе па меры зносу. Гэта значыць, на будынку не трэба будзе тут жа мяняць герб. Толькі калі ён ужо зносіцца і спатрэбіцца яго замена — тады пры закупцы або вырабе будзе выкарыстоўвацца новы эталонны відарыс. Тое ж датычыцца і новых бланкаў. Гэта такі важны складнік, каб не было ніякіх дадатковых фінансавых выдаткаў. Толькі па меры неабходнасці і пры вырабе новай прадукцыі".
Над тэхнічнымі зменамі герба працаваў геральдычны савет. Плануецца, што ён будзе выглядаць больш аб'ёмным, як быццам у 3D. Яшчэ змянілася форма каласоў, кветкі канюшыны і лёну сталі больш аб'ёмныя, а паралелі і мерыдыяны на глобусе — больш тонкімі.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.