Найбольш хутка ў новыя гатэлі набралі ахоўнікаў
За 40 дзён да чэмпiянату свету па хакеi ў гатэлях застаюцца праблемы з пакаёўкамі і сцюардамі
Ва ўпраўленні бытавога і гасцінічнага абслугоўвання Мінгарвыканкама Еўрарадыё супакойваюць: праблемы з персаналам вырашаны. Нагадаем, на пачатку студзеня ў сталічныя гасцініцы патрабавалася каля 1600 чалавек.
“Штатны расклад аптымізавалі, мы яго трошкі ўшчыльнім. І ў сувязі з тым, што падрыхтаванасць гасцініц вельмі высокая, частка людзей набраная. Астатнюю частку персаналу мы сфарміравалі. Людзі стаяць з заявамі, але мы іх не афармляем, у мэтах аптымізацыі выдаткаў. Вядома, ёсць вакансіі, бо ёсць чалавечы фактар, мо хто адмовіцца”, - кажуць у Мінгарвыканкаме.
У адзінай даведачнай службе 167 (па гэтым нумары можна даведацца аб прапановах па працаўладкаванні ў гатэлі) Еўрарадыё кажуць, што вольных месцаў – з ліхам. Нават дыктуюць тэлефоны гасцініц, дзе патрэбны. А патрэбныя ўсе: пакаёўкі, слесары, повары…
У гатэлі “Беларусь” для новых супрацоўнікаў нават зрабілі моўныя курсы і ствараюць размоўнікі.
“Адміністратары, як правіла, валодаюць некалькімі мовамі, бо гэта выпускнікі “ін’яза” ці лінгвагуманітарнага каледжа. Для пакаёвак таксама праводзім навучанне”, - у гатэлі “Беларусь” расказваюць, што большасць ірвецца на адміністрацыйную пасаду. За працу пакаёўкі, напрыклад, абяцаюць 3,5 мільёны заробку.
“Жадаючых больш працаваць на рэсэпшане – адміністратарамі, але гэтыя месцы займаюцца перш за ўсё. Людзі з рэгіёнаў болей цікавяцца працай пакаёвак. Але яны хочуць працу з месцам жылля ці вахтавым метадам”, - кажуць у гатэлі “Беларусь”.
Гатэль “Рэнесанс”. Тут Еўрарадыё кажуць, што, хутчэй за ўсё, у іх ужо неактуальныя вакансіі ахоўнікаў, пакаёвак ды павароў.
Праблемы з прыбіральшчыкамі на кухні – сцюартамі – з заробкам 4,3 мільёны.
“Шукаем сцюартаў (прыбіральшчык на кухні) - у асноўным патрэбны хлопцы. Бо вельмі цяжкая праца. Цяжка закрываецца вакансія… Ну, не хочуць у нашай краіне працаваць хлопцы па гэтай спецыяльнасці! Заробак – 4,3 мільёны, не самы страшны заробак”.
Гатэль “Пекін”. Надаем, яшчэ ў пачатку сакавіка тут шукалі повара з веданнем кітайскай мовы ды нацыянальнай кухні. Заробак абяцалі ў… 9 мільёнаў. Знайшлі – у Кітаі.
“Повар прыехаў да нас з Кітая, а зараз шукаем мясцовых, можна без кітайскай мовы. Яшчэ патрэбныя бармэны, пакаёўкі, афіцыянты, прыбіральшчыкі, сантэхнікі, электрыкі. Гэтыя вакансіі вельмі запатрабаваныя”, - кажуць мне ў аддзеле кадраў гатэля “Пекін”.
Як даведалася Еўрарадыё, ахоўнікаў у гасцініцы “Вікторыя” ды “Вікторыя-Алімп” набралі са студэнтаў Універсітэта фізкультуры.
“Неяк паспяваюць і там, і ў нас, - кажа начальнік аховы. – Не было хвастоў”.
Акрамя ахоўнікаў, тут патрабуюцца работнікі на кухню ды ў рэстаран, а таксама пакаёўкі і сантэхнікі.
Ці паспеюць за сорак дзён?