Ідрак Мірзалізадэ выставіў на аўкцыён свой ануляваны від на жыхарства ў Расіі
Стэндап-комік з Беларусі Ідрак Мірзалізадэ прадае на NFT-аўкцыёне свой ануляваны від на жыхарства ў Расіі. "Я пастаўлю кошт у 10 эфіраў — гэта больш за 40 тысяч долараў. Але вы можаце прапаноўваць любую суму, хоць 50 долараў", — піша ён у апісанні лота.
Непрыемнасці ў Ідрака пачаліся пасля жартаў пра ксенафобію і пра тое, як складана зняць кватэру ў Маскве людзям "неславянскай" знешнасці. У гэтым расійская паліцыя знайшла прыкметы "нянавісці і варожасці па адносінах да асобаў рускай нацыянальнасці".
Мірзалізадэ пакаралі 10-цю суткамі арышту, а пасля прызналі непажаданай персонай у Расіі (маўляў, яго знаходжанне ў краіне "пагражае грамадскаму парадку, правам і законным інтарэсам іншых асоб"). Хаця ён і папрасіў прабачэння за свой жарт.
Спярша МУС Расіі абвясціў коміка пажыццёва непажаданым. Аднак Ідрак Мірзалізадэ абскардзіў гэтае рашэнне. У выніку сілавікі мусяць адмовіцца ад пажыццёвага тэрміна і мусяць выбраць новы — "уцямны" тэрмін "непажаданасці".
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.