Ігар Стасевіч прызнаны найлепшым футбалістам Беларусі
Найлепшым футбалістам Беларусі за 2018 год прызнаны паўабаронца нацыянальнай зборнай і барысаўскага БАТЭ Ігар Стасевіч. Сваю ўзнагароду ён атрымаў 4 снежня на цырымоніі "Зорны мяч — 2018" у Мінску, перадае БЕЛТА.
Для 33-гадовага Стасевіча гэта ўжо другая такая ўзнагарода: званне найлепшага футбаліста краіны ён атрымліваў ужо ў 2015 годзе. Акрамя таго, трэці сезон запар ён прызнаны найлепшым гульцом нацыянальнага чэмпіянату і чацвёрты — найлепшым паўабаронцам Беларусі. У дадатак, Стасевіч стаў самым карысным гульцом 28-га чэмпіянату Беларусі: ён набраў 23 балы па сістэме "гол + пас" (8 + 15).
Найлепшым брамнікам сёлета прызнаны Андрэй Гарбуноў з мінскага "Дынама", абаронцам — Павел Рыбак з салігорскага "Шахцёра". Званне найлепшага нападніка атрымаў Павел Савіцкі з брэсцкага "Дынама". Ён жа прызнаны найлепшым бамбардзірам чэмпіянату: 15 мячоў за 29 матчаў.
Экс-настаўнік БАТЭ Віктар Ганчарэнка (цяпер ён узначальвае маскоўскі ЦСКА) прызнаны найлепшым сярод беларускіх трэнераў. Гэта восьмае прызнанне яго заслуг.
Найлепшай футбалісткай Беларусі ў 2018 годзе стала Паліна Шаціленя з ЖФК "Мінск".
У міні-футболе не было роўных Уладзіміру Жыгалку, ў пляжным футболе — Ігару Брыштэлю.
Прыз "За асаблівы ўнёсак у развіццё масавага футбола" атрымаў дзіцячы трэнер Уладзімір Ганчар з Дзятлава.