Ігар Стасевіч з мінскага “Дынама” вярнуўся ў БАТЭ
Пасля чатырох з паловай год адсутнасці футбаліст зноў далучыўся да барысаўскага клуба.
29-гадовы паўабаронца футбольнай зборнай Беларусі Ігар Стасевіч 19 студзеня падпісаў кантракт з БАТЭ, адкуль сышоў у ліпені 2010 года.
Тэрмін пагаднення прэс-служба БАТЭ не называе.
Стасевіч выступаў за барысаўскі клуб у 2002-2010 гадах. Футбалістам асноўнай каманды ён стаў у другой палове сезону-2004.
За час першага барысаўскага адрэзку кар’еры спартсмен правёў 177 матчаў за асноўны склад, у якіх забіў 15 мячоў і аддаў 37 выніковых перадач.
Разам з БАТЭ Стасевіч пяць разоў станавіўся чэмпіёнам краіны, двойчы заваёўваў Кубак і аднойчы — Суперкубак. Таксама ён быў сярод тых, хто здабываў для барысаўчан пуцёўку ў групавы турнір Лігі чэмпіёнаў.
Другую палову сезону-2010 Стасевіч выступаў за ніжагародскую “Волгу”, пасля чаго вярнуўся на радзіму і выступаў за “Гомель” (2011) і мінскае “Дынама” (2012-2014). За чатыры апошнія чэмпіянаты ён згуляў 119 матчаў, у якіх забіў 19 мячоў і зарабіў 38 асістэнцкіх балаў.