Ініцыятыўная група Караткевіч сабрала больш за 8 тысяч подпісаў
З 23 ліпеня. Найлепшы вынік даюць пікеты на вуліцах гарадоў, а не пакватэрны абход.
Ініцыятыўная група па вылучэнню Таццяны Караткевіч на пасаду прэзідэнта Беларусі з 23 ліпеня сабрала больш за 8 тысяч подпісаў. Пра гэта БелаПАН паведаміў кіраўнік групы і лідар руху "Гавары праўду" Андрэй Дзмітрыеў. Паводле яго слоў, найбольшы вынік даюць пікеты на вуліцах вялікіх гарадоў, а не пакватэрны абход. "Не таму, што людзі нас слаба падтрымліваюць, а таму, што летам дамы стаяць пустыя", — адзначае Дзмітрыеў.
У бліжэйшыя два тыдні ўдзельнікі ініцыятыўнай групы Караткевіч будуць абыходзіць людзей, якія раней ставілі свае подпісы ў рамках кампаніі "Народны рэферэндум". Адзначаецца, што ў рэгіёнах людзі часта цікавяцца кандыдатам, але баяцца ставіць подпіс.
Варта адзначыць, што 23 ліпеня Таццяна Караткевіч казала пра 5 тысяч подпісаў, якія будуць сабраныя толькі за адзін дзень, паколькі ў яе "2 тысячы сябраў ініцыятыўнай групы, кожны з іх збярэ подпісы ў сваіх сяброў, сем'яў" (гл. відэа).
Нагадаем, збор подпісаў будзе праходзіць да 21 жніўня. Кожная ініцыятыўная група мусіць сабраць, як мінімум, 100 тысяч подпісаў.
200 за дзень: Зборшчык-рэкардсмен расказвае, як правільна збіраць подпісы
Фота: Еўрарадыё