Інтэлектуальны ўзровень сістэмы падае — Мікалай Статкевіч пра радасці 2021-га
Мікалай Статкевіч / Еўрарадыё
Гэта быў страшны год, але ў ім былі радасныя моманты, расказаў "Радыё Свабода" палітык Мікалай Статкевіч. Днямі яму вынеслі прысуд — асудзілі на 14 гадоў калоніі асаблівага рэжыму.
"Пачуццё радасці — гэта каштоўны рэсурс, які надае сіл і энергіі", — адзначыў ён. На волі такія падставы знайсці лягчэй, а падрабязна пісаць пра радасці з "бетоннай скрынкі" ён асцерагаецца. Толькі раскажы, "як іх паспрабуюць у цябе забраць. Таму шчырым да канца не буду і пра ўсё не скажу", адразу папярэдзіў ён журналістаў.
Радасць прыносілі лісты. Хоць большасць лістоў і не даходзіць, людзі працягваюць пісаць. І гэта радуе.
А яшчэ яго "парадавала гэтым разам прынцыповая пазіцыя Захаду да Беларусі" , і ў прыватнасці рэакцыя на беларускія падзеі новых нямецкіх уладаў.
"Не буду хаваць, яшчэ радуе катастрафічнае падзенне інтэлектуальнага ўзроўню сістэмы, што выразна відаць па яе дзеяннях. Значыць, разумныя адтуль сыходзяць", — заўважыў Мікалай Статкевіч.
Прысуд Статкевічу вынеслі 14 снежня. на наступны дзень ён атрымаў магчымасць убачыць жонку, у гомельскім СІЗА адбылося спатканне. Пазней Марына Адамовіч расказала журналістам, што прысуд у 14 гадоў калоніі ніяк не паўплываў на настрой палітыка. "Мікалай абсалютна такі ж, які быў. Спакойны, ураўнаважаны, перакананы, што гэта ўсё будзе доўжыцца вельмі нядоўга", — адзначыла яна.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.