Інтэрпол: Не можам сказаць дакладна, у вышуку менеджары БКК ці не
У цэнтральным офісе міжнароднай крымінальнай паліцыі тлумачаць, чаму на іх сайце няма інфармацыі пра вышук чатырох топ-менеджараў.
Расійскіх топ-менеджараў Беларускай калійнай кампаніі няма ў раздзеле “Асобы, аб’яўленыя ў вышук” на сайце Інтэрпола. Хоць Следчы камітэт Беларусі паведаміў, што ўсе чацвёра аб’яўленыя ў міжнародны вышук.
Тэлефануем у цэнтральны офіс Інтэрпола ў Ліён і цікавімся статусам Пятрова, Саладоўнікава, Яўстратава і Самойлава. Нас злучаюць з прадстаўніком прэс-службы (называць імёны супрацоўнікаў у Міжнароднай крымінальнай паліцыі не прынята):
“На гэтай стадыі мы можам пацвердзіць, што людзі, інфармацыю пра якіх вы шукаеце, адсутнічаюць ў “чырвоных аб’явах” на сайце”.
Еўрарадыё: Чаму? Можа, у вышук іх не аб’вілі?
Прэс-служба Інтэрпола: “Ёсць два магчымыя сцэнары. Першы — што ў вышук яны не аб’яўленыя. Другі — што аб’яўленыя, але статус інфармацыі наконт гэтых асоб — “для службовага карыстання”. Краіна, якая аб’яўляе ў вышук гэтых людзей, часам просіць, каб яны заставаліся ў такім статусе. Таму у дадзенай сітуацыі мы не можам сказаць дакладна, пададзеныя яны ў вышук ці не пададзеныя”.
Намеснік начальніка ўпраўлення інфармацыі МУС Беларусі Георгій Яўчар пацвердзіў Еўрарадыё, што Пятроў, Саладоўнікаў, Яўстратаў і Самойлаў аб'яўленыя ў міжнародны вышук.
Ёсць звесткі, што міжнародны ордар Інтэрпола сапраўды разглядаецца ў расійскіх праваахоўных органах.
Нагадаем, што чатырох топ-менеджараў БКК Следчы камітэт Беларусі абвінавачвае ў наўмысным нанясенні шкоды (заніжэнне коштаў, утойванне інфармацыі пра зніжкі і гэтак далей). Гендырэктар расійскага “Уралкалія” Уладзіслаў Баўмгертнер (чацвёра топ-менеджараў лічацца ў Беларусі яго стаўленікамі) быў затрыманы ў Мінску і абвінавачаны ў “злоўжыванні ўладай і службовым становішчам”.