Іпэшнікі са “Жданоў” масава сышлі ў адпачынкі, працуюць адзінкі (фота)

Удзень у нядзелю 1 сакавіка на рынку ў Ждановічах незвычайна — чароды пакупнікоў сноўдаюць паміж адзінкавымі адчыненымі гандлёвымі кропкамі. Большасць боксаў закрытая, на некаторых вісяць рукапісныя паперкі з тлумачэннямі — “Сышла ў адпачынак”, “Кропка закрытая на інвентарызацыю”, “Крама не працуе”. На адным з боксаў бачу самую адчайную і шчырую запіску — “УСЁ!”.

Гандляры збіраюцца групамі ля нешматлікіх працуючых боксаў, абмяркоўваюць “увесь гэты дурдом”:

“Мы ведаем, што нехта там паабяцаў не праводзіць пакуль праверак (намеснік міністра эканомікі Дзмітрый Круты. — Еўрарадыё). Але яны столькі абяцалі нам ужо, няма ніякай веры. Лепш пачакаць, паглядзець, што будзе”, — наперабой расказваюць “іпэшнікі”.

Паміж сабой яны жартуюць, і ўвогуле не скажаш, што людзі ў адчаі. На пачатку тыдня было куды горш. Відаць, што абяцанне ўладаў знайсці новае рашэнне праблемы з сертыфікацыяй тавара рыначных гандляроў усё ж абнадзеіла.

Вялікі мужык з абветраным тварам прадстаўляецца Віктарам. Ён гандлюе красоўкамі — адзін у доўгім шэрагу пустых боксаў. На мой жарт аб штрэйкбрэхерстве крыху злуецца. Гаворыць, што дамоўленасцяў аб страйках у гандляроў няма. Кожны сам за сябе, і ўсе ўсё разумеюць:

“Рызыкнуў. А што рабіць — выкідваць на звалку ўсё? Прадам, што змагу, грошы не лішнія. Аштрафуюць, не аштрафуюць — паглядзім. Распрадам крыху хоць і таксама пайду ў адпачынак”, — расказвае Віктар.

Пачуўшы ад мяне аб загадзе Лукашэнкі разабрацца ў сітуацыі з сертыфікатамі, гандляр моўчкі махае рукой.

Што гавораць пакупнікі

Таццяна, прыехала з Маладзечна “купіць нешта дачцэ”:

“Я чула, што ёсць нейкія праблемы ў іх (прадпрымальнікаў. — Еўрарадыё). Але не можа быць, каб рынкі закрыліся. Нехта закрыецца, нехта ж застанецца… Дзе будзем купляць рэчы, калі яны закрыюцца? Не ведаю. Думаю, не закрыюцца”.

Што гавораць улады

Намеснік міністра эканомікі Дзмітрый Круты паведаміў карэспандэнту БелТА, што штрафаваць прадпрымальнікаў за адсутнасць сертыфікатаў не будуць да прыняцця новага Указа: “Усё могуць працаваць у спакойнай абстаноўцы… У праекце новага ўказа мы пастараемся адказаць на самыя надзённыя пытанні: па-першае, канчаткова выпрацаваць механізм па легалізацыі рэшткаў тавараў. Па-другое, стварыць роўныя ўмовы пры разавай рэалізацыі паміж замежнымі грамадзянамі і грамадзянамі Беларусі. Па-трэцяе, вызначыць адзіны механізм для нашых кантралюючых органаў па выяўленні фактаў фальсіфікаваных дакументаў. Па-чацвёртае, выпрацаваць канчатковую прававую аснову для нашых індывідуальных прадпрымальнікаў, якія маюць ўвесь пакет дакументаў па пераходзе на спрошчаную сістэму падаткаабкладання”.

Новы дакумент ва ўрадзе абяцаюць распрацаваць літаральна ў бліжэйшыя дні.

Глядзіце таксама, што 1 сакавіка адбывалася на рынках у іншых рэгіёнах Беларусі.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі