Каб атрымаць шэнгенскую візу, беларусам давядзецца здаваць адбіткі пальцаў

З 5 красавіка 2010 года для атрымання шэнгенскай візы беларусам давядзецца амаль кожныя 5 гадоў здаваць адбіткі пальцаў. За візу плаціць можна будзе і ў рублях па курсе Еўрапейскага цэнтральнага банка. Пра гэта гаворыцца ў Візавым кодэксе Еўрасаюза.
Адзначым, што новыя правілы не закрануць Вялікабрытанію, Ірландыю і Данію. Затое будуць дзейнічаць у Нарвегіі, Швейцарыі, Ісландыі і Ліхтэнштэйне, якія ў ЕС не ўваходзяць.
Так, паводле 13-га артыкула Кодэкса, з паданнем першай пасля 5 красавіка заяўкі на шэнгенскую візу неабходна будзе прадставіць біяметрычную інфармацыю: свой здымак на месцы, а таксама лічбавыя адбіткі дзесяці пальцаў. Ад апошняй працэдуры вызваляюцца дзеці да 12 год, кіраўнікі краін і ўрадаў, а таксама прадстаўнікі афіцыйных дэлегацый.
Лічбавыя адбіткі пальцаў будуць захоўвацца ў так званай Візавай інфармацыйнай сітэме, доступ да якой будуць мець толькі консульствы, паліцэйскія органы краін Шэнгена і Еўрапол. Перадача інфармацыі трэцім краінам і міжнародным арганізацыям можа мець месца толькі ў выключных надзвычайных выпадках, са згодай краіны Шэнгена, якая ўвяла біяметрычную інфармацыю пра грамадзяніна ў Візавую інфармацыйную сістэму.
Консул Чэхіі ў Беларусі Ян Едлічка пацвердзіў, што візавы кодэкс тычыцца грамадзянаў трэціх краінаў, у тым ліку беларусаў. Праўда, калі консульствы будуць збіраць адбіткі пальцаў – пакуль невядома, бо не ўсе замежныя прадстаўніцтвы маюць спецыяльнае абсталяванне.
Ян Едлічка: "Што тычыцца біяметрычных дадазеных, то пакуль у нас, напрыклад, няма тэхнічных магчымасцяў браць адбіткі пальцаў. І гэта тычыцца шмат якіх замежных консульстваў у Беларусі. Толькі ў консульстве Францыі, наколькі ведаю, ёсць".
Для атрымання шматразовай візы давядзецца даказаць, што вам неабходна часта наведваць Шэнгенскую зону, пацвердзіць сваё фінансавае становішча і запэўніць, што вы вернецеся на Радзіму да заканчэння тэрміну дзеяння візы.
Кошт шэнгенскай візы можа брацца ў еўра альбо ў нацыянальнай валюце згодна з курсам Еўрапейскага цэнтральнага банка, сцвярджаецца ў новых правілах.
На пытанне Еўрарадыё, ці змогуць самі грамадзяне абіраць, у якой валюце ім плаціць – еўра альбо рублях – пакуль таксама невядома.
Ян Едлічка: "Пакуль не ведаю. Чакаем дадатковых інструкцый і пакуль прымаем у еўра".
Кошт візы: 60 еўра — для старэйшых за 12 год, 35 еўра — для дзяцей ад 6 да 11 гадоў. Для дзяцей да 6 год, а таксама школьнікаў, якія едуць у ЕС для вучобы альбо на адукацыйны трэнінг, даследчыкаў і прадстаўнікоў некамерцыйных арганізацый, маладзейшых за 25 год, якія ўдзельнічаюць у семінарах, канферэнцыях, спартыўных, культурных і адукацыйных мерапрыемствах, візы бясплатныя.
Візавая заяўка мусіць разглядацца не даўжэй за 15 каляндарных дзён, а ў выпадку адмовы консульства павінна абавязкова абгрунтаваць сваё рашэнне. Яго, дарэчы, можна будзе абскардзіць.
Таксама, згодна з 12-м артыкулам Кодэкса, неабходна мець пашпарт альбо іншы дакумент для візы, выдадзены не пазней за 10 год таму. У дакуменце мусяць быць прынамсі дзве чыстыя старонкі, і тэрмін яго дзеяння не павінен завяршацца раней за тры месяцы за запланаваную дату вяртання.
Праўда, у надзвычайных выпадках апошняе патрабаванне можа не выконвацца.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі