Каб дамагчыся заробку, жанчынам у Ганцавічах давялося зладзіць мітынг
Жанчыны працавалі на сезонных работах, фасавалі ягады / ganc-chas.by
У Ганцавічах адбыўся скандал з філіялам прыватнага прадпрыемства "Полацкая ягада". Жанчынам, якіх прыцягвалі да сезоннай працы, адмовіліся яе аплочваць. Грошы аддавалі з затрымкай, апошнюю выплату давялося "выбіваць" разам з журналістамі выдання "Ганцавіцкі час".
У Ганцавічах "Полацкая ягада" працуе не першы год — дае магчымасць мясцовым падзарабіць на пераборцы малінаў, ажынаў, сліў. Некаторыя жанчыны працавалі паўдня, іншыя – па дзве змены. Ягады яны фасавалі ў скрыні — прычым не толькі ў складскім памяшканні, але і халадзільных камерах, дзе тэмпература апускалася да -8. У абодвух выпадках ім абяцалі 36 рублёў за змену. Жанчынам казалі, што разлічвацца з імі будуць кожныя 15 дзён. Але нават першую зарплату затрымалі прыкладна на тыдзень, а далей – сталі затрымліваць ўсё больш.
Заробак за перыяд з 15 па 30 верасня выбівалі са скандалам. Грошы ім аддалі апоўначы 27 кастрычніка пасля таго, як жанчыны прыгразілі выклікаць прэсу.
"Калі выплачвалі грошы, на адну пенсіянерку так накрычалі, што тая выйшла і схапілася за сэрца. Тады мы сказалі, што больш працаваць не будзем", – расказала адна з жанчын. Аднак кіраўніцтва паабяцала, што ў панядзелак 31 кастрычніка з працаўніцамі разлічацца і за кастрычнік. Жанчыны чакалі да чацвярга 3 лістапада. У гэты дзень яны сабраліся ля сцен прадпрыемства і паведамілі кіраўніцтву, што нікуды не сыдуць, пакуль іх не разлічаць. Кіраўніцтва адказала, што грошай няма.
"Прыдумлялі нейкія адгаворкі, як у кіно. На двары ж не каменны век. Сёння можна за секунды пералічыць на карту і разлічыць людзей у любым горадзе", – кажа яшчэ адна працаўніца.
Генеральны дырэктар Дзяніс Свістуноў на званкі рабочых і журналіста так і не адказаў. Рэгіянальны кіраўнік прызнаўся, што не бачыў зарплаты і за верасень. Але позна ўвечары жанчын усё-ткі разлічылі.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.