Каб наведаць “Бардаўскую восень”, польскія беларусы адкладаюць усе справы

За шмат год свайго існавання фестываль бардаўскай і аўтарскай песні стаў сапраўдным святам для беларускай меншасці ў Польшчы. 22-24 кастрычніка на Падляшшы прайшла 17-я “Бардаўская восень”. 
Традыцыйны музычны фэст ладзіцца ў Беластоку і некалькіх мястэчках, дзе беларусы жывуць найбольш канцэнтравана, — Бельску Падляшскім, Гайнаўцы, Гарадку і Тэрэмісках.
 
“У нас ёсць тры самыя вялікія штогадовыя музычныя мерапрыемствы: рок-фестываль "Басовішча", свята беларускай песні, дзе паказваецца фальклор, гэта больш для старэйшага пакалення. І “Бардаўская восень”, якая імкнецца прымусіць публіку падумаць”, — кажа адзін з арганізатараў фэста, намеснік старшыні “Звязу беларускай моладзі” Ігар Лукашук

Спявачка Ілона Карпюк пачала ўдзельнічаць у “Бардаўскай восені”, калі вучылася ў беларускім ліцэі ў Гайнаўцы. З таго часу ў складзе розных гуртоў яна не прапусціла ніводнага фэста.

“Я не маю ніякіх сумневаў, што гэта святочныя дні для беларусаў Падляшша. Ёсць такія людзі, якія рэзервуюць сабе такія дні і кажуць, што ў іх іншых планаў няма, прысвячаюць іх беларускай культуры і музыцы”, — гаворыць Ілона. 



У інтэрв’ю Еўрарадыё Ілона прызналася: падчас канцэрта ў Бельску з-за радасных эмоцый яна зусім забыла сказаць, што сёлета гурт “Ilo&Friends” адзначае маленькі юбілей. Вядомы акустычны бэнд на “Бардаўскай восені” выступае пяты раз. Гурт выканаў некалькі песень на вершы Уладзіміра Караткевіча і Анатоля Сыса. 

Падляшскую публіку зачараваў супольны праект барда Алега Кабзара і паэткі Надзеі Артымовіч. Пад гітару і віяланчэль Алег Кабзар спяваў песні на словы любімай сярод беларусамі Польшчы пісьменніцы. 

Сам музыка родам з Гомеля. З культурай беларусаў у Польшчы пазнаёміўся дзякуючы жонцы, якая паходзіць з Падляшша. У размовах пра жонку бард ужо колькі год дадае азначэнне “былая”, але тутэйшае асяроддзе зацягнула настолькі, што вяртацца ў родны Гомель ён не стаў. Алег Кабзар расказаў, што неўзабаве з’явіцца дыск “Бераг”. На плытцы будуць вершы ў выкананні самой Надзеі Артымовіч і песні, напісаныя паводле яе паэзіі. 

Як і прадказвала Еўрарадыё, гран-пры “Бардаўскай восені” атрымаў Яўген Барышнікаў. Малады музыка паходзіць са Слоніма. У конкурснай частцы ён спяваў песні “Шчара” і “Дзяды”. Цяпер Яўген разлічвае на хуткі выпуск першага студыйнага альбома. 

Па-за конкурсам гралі колішнія лаўрэаты фэста Таццяна Беланогая і “Босае сонца”, W-Z Orkiestra & Зміцер Вайцюшкевіч, Вольга Акуліч і Лявон Вольскі. Песні “Юзік і Казік”, “Простыя словы” бельская публіка спявала разам з музыкамі. “Народны альбом” у Польшчы ведаюць не горш, чым у Беларусі. Да таго ж гэтая музыка калісьці ўжо гучала на традацыйным восеньскім фэсце:

“Для мяне гэта была першая “Бардаўская восень”. Гэта быў год 1996, напэўна. Я быў у конкурсе і выканаў гэтыя песні як бард-пачатковец. Хаця ніколі не пачуваўся бардам, проста скарыстаў магчымасць паехаць на фестываль, як цяпер гэту магчымасць карыстаюць маладыя выканаўцы. І я заняў 2 месца”, — расказаў Лявон Вольскі



Арганізатары збіраюцца развіваць “Бардаўскую восень” і стварылі адмысловы сайт www.vosien.org. Там будуць дадавацца архіўныя матэрыялы, а таксама абвесткі пра адбор на будучы фэст. 

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі