"Каб у беларускай палітыцы кіраваў Хрыстос". Партыя БХД адзначае 100-годдзе

"Каб у беларускай палітыцы кіраваў Хрыстос". Партыя БХД адзначае 100-годдзе

Беларускія хрысціянскія дэмакраты адзначаюць стагоддзе сваёй партыі. Што праўда, цяпер партыі няма: Мінюст восьмы год адмаўляе ёй у рэгістрацыі. Чыноўнікі то знаходзяць парушэнні на ўстаноўчым сходзе, то спасылаюцца на недахоп дакументаў.

Сто гадоў таму заснаваць партыю было прасцей. 24-25 траўня 1917 года ў Мінску прайшоў з'езд каталіцкага духавенства. 30 святароў сабраліся ў кафедральным касцёле і вырашыі разам патрабаваць "шырокай аўтаноміі Беларусі ў Расійскай федэратыўнай дэмакратычнай рэспубліцы", навучання ў школах па-беларуску і вядзення набажэнстваў на беларускай мове, а таксама выдаваць уласную беларускую газету. І ўсё — ёсць партыя!

Праз сто гадоў хрысціянскія дэмакраты збіраюцца ў канферэнц-зале мінскага апарт-гатэля "Камфорт". Перад самым пачаткам канферэнцыі са сцяны раптам зрываецца святочны плакат. Маладыя актывісты некалькі хвілін падртымліваюць дэмакратыю ўласнымі рукамі, а пасля нехта прыносіць скотч

"Каб у беларускай палітыцы кіраваў Хрыстос". Партыя БХД адзначае 100-годдзе
Фота: Еўрарадыё

Энергічны Павел Севярынец дарыць гасцям дзве кніжкі пра сто гадоў беларускай "хадэцыі" і сто адэптаў гэтага руху. Увогуле, Севярынец — галоўны чалавек на гэтым свяце хрысціянства і дэмакратыі.

У залу заходзіць лідар "Маладога фронта" Зміцер Дашкевіч, аглядаецца: "Гэта несур'ёзна для БХД. Я думаў, чалавек 300 будзе!".

Зала маленькая. У ёй, можа, чалавек трыццаць.

"Дык сто гадоў партыі. Многія памерлі ўжо!" — жартуе старшыня БНФ Аляксей Янукевіч, які заходзіць следам.

"Каб у беларускай палітыцы кіраваў Хрыстос". Партыя БХД адзначае 100-годдзе
Зміцер Дашкевіч. Фота: Еўрарадыё

"Паколькі айцы-заснавальнікі пачалі той дзень з імшы, прапаную пачаць нашу сённяшнюю канферэнцыю з малітвы “Ойча наш”", — з месца ў кар'ер пачынае Павал Севярынец. Усе ўстаюць і чытаюць "Ойча наш".

Тут жа высвятляецца, што сто гадоў — гэта так, прамежкавы этап. "За 1000 гадоў беларускай дзяржаўнасці менавіта хрысціянская дэмакратыя стала палітычным хрыбтом беларускага народа", — сцвярджае Севярынец. Ніхто не пярэчыць.

Палітыкі па чарзе пачынаюць віншаваць хрысціянскіх дэмакратаў. "Можа, пасля гэтай канферэнцыі з'явіцца новая традыцыя, і сямнаццаты год будзе асацыявацца ў беларусаў не з Кастрычніцкай рэвалюцыяй, а з заснаваннем БХД", — жартуе Аляксей Янукевіч. А не, падалося. Не жартуе.

"Наша зорка... Часова на волі", — прадстаўляе Севярынец Змітра Дашкевіча. Той вельмі сур'ёзна разважае пра тое, што называць сябе хрысціянінам сёння вельмі проста, а быць хрысціянінам — вельмі складана.

"Каб наступны юбілей БХД святкавала ў парламенце, сабраўшы самую вялікую фракцыю", — жартуе Дашкевіч. А не, таксама падалося.

"110 гадоў — 110 дэпутатаў!" — адгукаецца Севярынец. Ну, гэта ён дакладна жартуе!

"Каб у беларускай палітыцы кіраваў Хрыстос". Партыя БХД адзначае 100-годдзе
Павел Севярынец. Фота: Еўрарадыё

Палітолаг Андрэй Казакевіч робіць даклад пра месца хрысціянскіх дэмакратаў на палітычнай карце Еўропы. Ён кажа, што іншыя еўрапейскія хрысціянскія дэмакраты істотна адрозніваюцца ад нашых.

"У беларускім кантэксце значна большая ўвага надаецца нацыянальнаму элементу. Выклікі для нацыянальнай ідэнтычнасці і нацыянальнага адраджэння, якія паўсталі ў 1990-я, дагэтуль захоўваюцца, у адрозненне ад большасці еўрапейскіх краін. Другая асаблівасць — адсутнасць відавочнага устойлівага супрацоўніцтва паміж рэлігійнымі арганізацыямі і палітычнымі партыямі. Палітычны рух шмат у чым ізаляваны", — кажа Казакевіч.

Гісторыя хрысціянскіх дэмакратаў у Беларусі — гэта гісторыя падзвіжніцтва і пакутаў. Цягам ХХ стагоддзя яны гінулі за свае ідэі, амаль як першыя хрысціяне ў Рыме. "15 нашых папярэднікаў прайшлі нацысцкія лагеры ці былі закатаваныя эсэсаўцамі, 32 прайшлі ГУЛаг ці былі закатаваныя бальшавікамі", — зазначае Павел Севярынец. Сярод ахвяраў НКУС — дзед Зянона Пазняка, які ачольваў БХД у жахлівы час з 1936 па 1939 год

"Каб у беларускай палітыцы кіраваў Хрыстос". Партыя БХД адзначае 100-годдзе
Андрэй Казакевіч. Фота: Еўрарадыё

"Сітуацыя на нашай прасторы нагадвае сітуацыю пасла Другой Сусветнай вайны ў Еўропе. СССР распаўся, і цяпер ужо незалежныя рэспублікі больш не мелі навязаных інтэрнацыянальных каштоўнасцяў. Кожны выстаўляў свае рахункі да ўлады", — разважае Людміла Пеціна, актыўная ўдзельніца беларускага дэмакратычнага руху ў 1990-я. Цяпер яна ― за беларускую дэмакратыю ў Індыі і бывае ў Беларусі толькі зрэдку.

На яе думку, ідэі хрысціянскай дэмакратыі сёння актуальныя для нашага рэгіёна як ніколі: "У Еўропе на падставе хрысціянскай дэмакратыі адбылося прымірэнне тых, хто быў з нацыстамі, і тых, хто быў супраць. Прымірэнне пасля прабачэння... А ў нас дагэтуль не асуджаны савецкі таталітарызм, і гэта вялікая праблема, якую мы непазбежна мусім вырашыць". Тыя, хто за Савецкі саюз, мусяць паверыць у Хрыста і прабачыць тых, хто супраць.

На пачатку 1990-х ідэі хрысціянскіх дэмакратаў набылі ў Беларусі вялікі ўплыў. Але ў 1999 годзе Беларуская хрысціянска-дэмакратычная партыя па фармальных прычынах была ліквідаваная. Людміла Пеціна распавядае, як гэта адбылося: "Наша штаб-кватэра доўгі час знаходзілася ў Музеі Максіма Багдановіча, якім кіраваў Алесь Бяляцкі [сёння — вядомы праваабаронца. — Еўрарадыё]. Калі Алесь сышоў з пасады, юрыдычны адрас партыі заставаўся адрасам музея. Лісты, якія ішлі з Мінюста, мы, на жаль, не атрымоўвалі, бо людзі, якія там працавалі, не перадавалі іх нам. Мінюст зачыніў партыю. Справа была адразу перадзеная ў Вярхоўны суд, і мы ніяк не змаглі паўплываць на сітуацыю. На некаторы час хрысціянская дэмакратыя ў Беларусі страціла свой уплыў".

У 2000-я хрысціянскія дэмакраты спрабавалі ўкараніць свае ідэі ў праграмы іншых партый. БНФ адмовіўся станавіцца хрысціянскім, а вось "Малады фронт" адгукнуўся на заклік. Дакладней, "Бог так зрабіў, што некалькі лідараў "Маладога фронта" паверылі ў яго", — лічыць Аляксей Шэін, пісьменнік і адзін з ініцыятараў адраджэння Беларускай хрысціянскай дэмакратыі у 2000-я.

"МФ паўстаў з вулічных акцый і быў тады вельмі шырокі па сваім палітычным спектры. Там былі і анархісты, і сацыял-манархісты, і паганцы, і людзі крайне правых поглядаў. Арганізацыя тады перажывала крызіс, бо было вельмі складана вырашыць, на якім падмурку будаваць агульную праграму. Гэта вылілася ў гарачыя дыскусіі. У 2000 годзе адбыўся з'езд МФ, які замацаваў праграму, што базавалася на хрысціянска-дэмакратычных каштоўнасцях", — распавядае Аляксей Шэін.

"Каб у беларускай палітыцы кіраваў Хрыстос". Партыя БХД адзначае 100-годдзе
Аляксей Шэін. Фота: Еўрарадыё

З канца 2003 года адбываецца адраджэнне Партыі БХД, спачатку ― як грамадскага аб'яднання, а пасля ― як партыі, з беспаспяховымі спробамі афіцыйна зарэгістравацца, арыштамі і бясконцай верай у Бога.

"Хрысціянскія дэмакраты працуюць не над тым, каб сённяшнія лідары ўскараскаліся наверх, сталі кіраваць, — падсумоўвае Павел Севярынец. — БХД працуе для таго, каб у беларускай палітыцы кіраваў Іісус Хрыстос. Каб ён уваходзіў у беларускую палітыку. І каб праўда, свабода і справядлівасць, якія прыйшлі на нашу зямлю 2000 гадоў таму, закрасавалі на Беларусі".

Напэўна, у сучаснай Беларусі Іісус Хрыстос быў бы апазіцыянерам.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі