Качанава другі год на нарадах слухае пра "лакалізацыю" на мотавелазаводзе
Нарада ў Наталлі Качанавай
Старшыня Савета Рэспублікі Наталля Качанава другі год на нарадах слухае пра "лакалізацыю" на мінскім мотавелазаводзе. Усё пачалося з візіту на прадпрыемства ў жніўні 2022-га Аляксандра Лукашэнкі. Ён абурыўся, што з беларускага ў матацыкле "Мінск" толькі шыльдачка, усё астатняе — "made in China". У выніку Качанава праводзіць рэгулярныя нарады, прысвечаныя працы мотавелазавода і "выхаду на больш высокі ўзровень лакалізацыі".
Чарговы раз дырэктар мінскага мотавелазавода Сяргей Манько даваў справаздачу Наталлі Качанавай на нарадзе 26 кастрычніка 2023-га. Паводле яго слоў, над "лакалізацыяй" камплектуючых працуюць 14 прадпрыемстваў нашай краіны. "Ёсць ужо вопытныя ўзоры, выраблена аснастка, серыйная пастаўка камплектуючых пачнецца ў снежні", — кажа дырэктар.
Да канца года на прадпрыемстве збіраюцца пачаць мантаж "тэхналагічна складанага абсталявання". "Такая вытворчасць дазволіць павялічыць аб'ём вырабленай прадукцыі, а таксама ўзровень і долю лакалізацыі камплектуючых", — дадаў Манько.
"Тое, што вы, кожны з вас, абяцалі [Аляксандру Лукашэнку], — усё павінна быць зроблена", — строга сказала прысутным на нарадзе Качанава.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.