Кадыраў атрымаў трэцяе генеральскае званне
Уладзімір Пуцін і Рамзан Кадыраў / кremlin.ru
Кіраўнік Чачні Рамзан Кадыраў атрымаў ад Уладзіміра Пуціна ў свой 46-ы дзень народзінаў трэцяе генеральскае званне. Цяпер ён генерал-палкоўнік. Кадыраў піша ў сваім тг-канале, што расійскі прэзідэнт асабіста яму пра гэта паведаміў.
Генерал-маёрам міліцыі Кадыраў стаў у 2009-м, калі яму было 33 гады. У 2020-м ён перайшоў у Расгвардыю і захаваў за сабой гэтае званне. Вясной 2022-га Рамзан Кадыраў стаў генерал-лейтэнантам. Цяпер жа атрымаў павышэнне. Далей ужо будзе званне генерала арміі, піша "Бі-Бі-Сі".
У апошнія месяцы Кадыраў неаднаразова апеляваў да Пуціна, патрабуючы больш рашучых дзеянняў у вайне ва Украіне, крытыкаваў Мінабароны РФ.
Былы "міністр абароны" "ДНР" Ігар Стралкоў (Гіркін) мяркуе, што прысваенне Рамзану Кадыраву чарговага звання сведчыць пра тое, што ён выйшаў пераможцам у "сутычцы" з генераламі. "Цяпер засталося даведацца, якія "аргвысновы" зроблены ў дачыненні прайграўшых", — піша ён.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.