Кадыраў згубіў мабільнік — уначы апыталі больш за тысячу чалавек
У ноч на 17 жніўня ў Шалінскім раёне Чачні паліцыянты і супрацоўнікі райадміністрацый выклікалі больш за 1000 чалавек, у тым ліку непаўналетніх.
Пра гэта паведаміў сайт kavkaz-uzel.ru са спасылкай на Праваабарончы цэнтр "Мемарыял".
16 жніўня ў Шалінскім раёне на ўсходзе Чачні адбылося адкрыццё этнаграфічнага комплексу "Шыра-Юрт", стылізаванага пад старажытны чачэнскі аул. На цырымоніі адкрыцця этнаграфічнага комплексу прысутнічаў і кіраўнік Чачні Рамзан Кадыраў.
Перад святам ахова Кадырава старанна агледзела гасцей, а транспарт можна было паркаваць не бліжэй, чым за кіламетр ад месца правядзення свята. Да канца мерапрыемства стала вядома, што Рамзан Кадыраў згубіў тэлефон.
Спярша тэлефон шукалі на месцы — абвясцілі праз узмацняльнік, апыталі прысутных. Калі госці раз'ехаліся па дамах, кіраўнікі адміністрацый сталі абзвоньваць адказных за правядзенне свята і высвятляць у іх імёны ўсіх удзельнікаў і запрошаных, інфармуюць праваабаронцы. Пасля гэтага ўначы ўдзельнікаў свята выклікалі і апытвалі. Большасць з іх змагла вярнуцца дадому толькі пад раніцу. Пра тое, ці знайшоў Рамзан Кадыраў свой тэлефон, звестак дагэтуль няма.
Фота — Reuters