Калегі прымушалі мінскую доктарку зняць пакаяльнае відэа за пост у Фэйсбуку

Калегі прымушалі мінскую доктарку зняць пакаяльнае відэа за пост у Фэйсбуку

Мінскую доктарку Вольгу Садоўскую прымушалі зняць пакаяльнае відэа за пост у Фэйсбуку. Пра гэта Вольга Садоўская расказала ў інтэрв'ю расійскаму выданню "Московский комсомолец". Сама жанчына ўвосень 2021-га пераехала ў Польшчу.

"Памятаю, на працы неяк сабралі этычную камісію з-за таго, што я ў Фэйсбуку апублікавала пост пра збіццё студэнта Ліцэя БДУ праваахоўнікамі. Сябры камісіі патрабавалі, каб я зняла сябе на відэа з абвяржэннямі і прызналася, што пост напісала ў стане вар'яцтва.

Там сабралася шмат людзей, мяне паўшчувалі, пасарамацілі, казалі, што мае словы не вартыя звання лекара. Пасля заканчэння нарады большасць тых, хто мяне лаяў, паціснулі мне рукі, сказалі, што я малайчына. Вось ён — узровень крывадушнасці", — расказвае Садоўская.

Звычайна "пакаяльныя відэа" запісваюць супрацоўнікі ГУБАЗіК з затрыманымі пратэстоўцамі.

Садоўская прымала актыўны ўдзел у акцыях пратэсту. З працы ў 6-й клініцы Мінска яе не звальнялі, бо начальства лічыла яе каштоўнай супрацоўніцай. Аднак, кажа лекарка, чыноўнікі розных узроўняў пастаянна дамагаліся яе звальнення: "Перыядычна ў аддзел кадраў тэлефанавалі з Мінгарвыканкама, Камітэта аховы здароўя і нават з Міністэрства аховы здароўя, настойліва прасілі мяне звольніць".

У сваім інтэрв'ю доктарка рэзка крытыкуе медыцынскую сферу ў Беларусі і дзейнасць Мінздароўя, расказвае пра сапраўднае становішча з COVID-19 у Беларусі. 

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі