Каля 200 уцекачоў з Чачні ладзяць у Брэсце мітынг (фота)

Каля 200 уцекачоў з Чачні ладзяць у Брэсце мітынг (фота)

Каля 200 уцекачоў з Чачні ладзяць у Брэсце мітынг. Ён праходзіць каля памежнага пераходу “Брэст”.

Людзі пратэстуюць супраць таго, што польскія памежнікі не прапускаюць іх у Еўрасаюз. Па іх словах, мэта іх акцыі — прыцягнуць увагу грамадскасці да сваёй праблемы. Уцекачы электрычкай з Брэста спрабуюць патрапіць без візаў у Польшчу, дзе хочуць атрымаць прытулак. Аднак у Тэрэспалі большасць з іх “разварочваюць” назад у Беларусь. Некаторыя маюць па некалькі дзясяткаў такіх няўдалых спробаў трапіць у ЕС.

“Нам ужо надакучыла ездзіць па адным маршруце ў Тэрэспаль, дзе нас ўвогуле не лічаць за людзей. Называюць "тэрарыстамі", “ідылаўцамі”. Сёння зноў не атрымалася пераехаць мяжу… Мы на дадзены момант тут сядзім, чакаем нашых прадстаўнікоў, якіх паслалі ў консульства Польшчы. Чакаем адказ адтуль”, — кажа Еўрарадыё адзін з пратэстоўцаў.    

Некалькі дзясяткаў сем'яў з дзецьмі пад наглядам памежнікаў і міліцыі размясціліся на траве каля пераходу. Руху аўтамабіляў, якія едуць праз памежный пункт, яны не перашкаджаюць.

Нейкага канкрэтнага плану дзеянняў уцекачы не маюць. Колькі будзе працягвацца іх мітынг, яны самі не ведаюць. Па іх словах, яны спадзяюцца на тое, што на іх мітынг прыедуць працаўнікі польскага консульства, якім яны хочуць агучыць прэтэнзіі да працы памежнікаў.

Па інфармацыі Еўрарадыё, праваахоўныя органы нікога з пратэстоўцаў не затрымлівалі.   

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі