Каля 3-4 тысяч чалавек медперсаналу могуць звольніць з прыватных медцэнтраў
Паводле указу Аляксандра Лукашэнкі № 475 прыватныя медыцынскія цэнтры больш не змогуць наймаць медыкаў, медсёстраў і медтэхнікаў, у якіх няма першай і вышэйшай катэгорыі. Паводле даследавання Асацыяцыі стаматалагічных арганізацый бізнес-саюза прадпрымальнікаў і наймальнікаў імя прафесара Куняўскага, каля 3-4 тысяч медыкаў у Беларусі могуць застацца без працы. Пра гэта Еўрарадыё распавяла дырэктар згаданага бізнэс-саюза Жанна Тарасевіч:
"Мы зрабілі даследаванне па 75 арганізацыях. І пераклалі гэтыя лічбы на агульную колькасць арганізацый прыватнага сектара. Атрымліваецца, што давядзецца звольніць 25% лекараў, 38% — сярэдняга медперсаналу. Каля 3-4 тысяч чалавек давядзецца звольніць, калі браць увесь медперсанал".
У міністэрстве аховы здароўя абяцаюць даць час, каб здаць на катэгорыю да 1 чэрвеня. Найбольш змены ў заканадаўстве закрануць маладых лекараў, якія не змогуць падпрацоўваць у прыватнікаў. Атрымліваецца, што для размеркаваных пасля ўніверсітэта першае працоўнае месца будзе адзіным на 5-7 гадоў. Такі час звычайна патрэбны, каб атрымаць першую ці вышэйшую катэгорыю.