Каля рэстарана ў Курапатах аўтамабіль збіў Леаніда Кулакова
Каля рэстарана ў Курапатах аўтамабіль збіў Леаніда Кулакова. Ва ўдзельніка пікетавання пералом рукі. Як паведаміў Радыё Свабода адзін з лідараў аргкамітэта па стварэнні партыі БХД Павел Севярынец, здарэнне адбылося каля 17-й гадзіны ў сераду, 27 чэрвеня. На аўтамабілі "Таёта" да рэстарана ехалі дзве дзяўчыны. Кіроўца мусіла бачыць пікетоўцаў, але хуткасць не зніжала.
Легкавік збіў з ног Кулакова, у яго былі пашкоджаны нага і рука. На месца выклікалі "хуткую" і ДАІ. Пазней у бальніцы Кулакову сказалі, што ў яго пералом левай рукі.
Актывісты розных палітычных партый і грамадскіх арганізацый патрабуюць закрыцця рэстарана каля народнага мемарыялу ў Курапатах ужо каля месяца. Кулакоў рэгулярна ўдзельнічаў у пікетаванні.