Камісія па ўцекачах стала разглядаць і звароты рэпрэсаваных спартоўцаў
Камісія па палітуцекачах разглядае заявы рэпрэсаваных спартоўцаў / pixabay.com
Камісія па вяртанні палітуцекачоў будзе цяпер вырашаць і лёс спартоўцаў, якіх за палітычную пазіцыю пазбавілі магчымасці займацца спортам. Рабіцца гэта будзе па запыце федэрацый.
Першыя звароты рэпрэсаваных спартоўцаў ужо разгледзелі. Пра гэта паведамляе дзяржпрапагандыст Андрэй Мукавозчык. Прозвішчы іх прапагандыст не называе. Ён толькі зазначае, што разгледзець паспелі не ўсе заявы — "частку пытанняў перанеслі да атрымання дадатковай інфармацыі".
Мукавозчык прызнаў, што спартоўцаў адлучылі ад заняткаў спортам за падпісанне ліста з патрабаваннем сумленных выбараў і спынення рэпрэсій з боку сілавікоў. За гэта, як крыўдзіцца прапагандыст, Беларусь пазбавілі шэрагу міжнародных спаборніцтваў, наклалі санкцыі на ўдзел у чэмпіянатах. "У выніку, як было агучана на камісіі, беларускія тэлеканалы толькі на рэкламе страцілі каля 10 мільёнаў долараў прыбытку", — скардзіцца ён.
Паводле інфармацыі "Трыбуны", у "чорным спісе" Мінспорту налічваюцца імёны 49 футбалістаў, у тым ліку вядомых. Большасць з іх пацярпелі за ўдзел у відэа з заклікам спыніць гвалт супраць пратэстоўцаў у жніўні-2020.
У ліку "непажаданых" называліся, напрыклад, пяць футбалістаў барысаўскага БАТЭ: Станіслаў Драгун, Дзмітрый Бяссмертны, Максім Бардачоў, Дзяніс Шчарбіцкі і Даніла Нячаеў.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.