Камунальнікі Гродзеншчыны выберуць "міс ЖКГ"
У Гродзенскай вобласці выберуць "міс ЖКГ". Пра гэта інфармуе БЕЛТА са спасылкай на старшыню Гродзенскага абласнога камітэта прафсаюза работнікаў мясцовай прамысловасці і камунальна-бытавых прадпрыемстваў Барыса Казялкова.
Конкурс прыгажосці і грацыі "Супер лэдзі-2016" адбудзецца ў Гродне на пачатку снежня. Заяўкі на яго падалі 16 работніц прадпрыемстваў жыллёва-камунальнай гаспадаркі і бытавога абслугоўвання вобласці. Сярод іх бухгалтары, інжынеры, касіры, юрысконсульты, аператары, дыспетчары.
У фінальным шоу плануюцца выхады на сцэну ў вечаровай, офіснай і спартыўнай вопратцы. А галоўнай разынкай конкурсу стане дэфіле ўдзельніцаў у футрах беларускай вытворчасці.
У творчым конкурсе дзяўчатам давядзецца прадэманстраваць розум, грацыю, артыстызм, а таксама ўменне трымацца на публіцы. Пераможцаў вызначыць прафесійнае журы. А інтэрнэт-карыстальнікі могуць аддаць свае галасы за ўпадабаную канкурсантку на сайце абласнога камітэта прафсаюза.