Камунальнікі сёлета ліквідавалі ўжо 700 пашкоджанняў цепласетак у Мінску
Ад пачатку 2018 года камунальнікі ліквідавалі на цепласетках сталіцы каля 700 пашкоджанняў. Такую лічбу назваў дырэктар філіяла "Мінскія цеплавыя сеткі" РУП "Мінскэнерга" Аляксандр Бузо, перадае агенцтва "Мінск-Навіны".
Большая частка пашкоджанняў (каля 500) прыпала на рамонтны перыяд, калі цеплакрыніцы і трубаправоды рыхтуюць да зімы. Па словах Бузо, пашкоджанні былі выяўленыя пры апрасаванні сістэмаў ацяплення і ліквідаваныя.
Па словах спецыяліста, пры далейшай перакладцы трубаў колькасць пашкоджанняў будзе зніжацца. Сёлета "Мінскія цепласеткі" мяняе 61 км труб, у тым ліку 41 км прыпадае на капітальнае будаўніцтва, астатнія 20 км — на рамонт.
Агулам на балансе "Мінскіх цеплавых сетак" лічацца больш за 2,5 тысячы км трубаў. Яшчэ каля 1 тысячы км трубаправодаў ацяплення знаходзіцца ў падпарадкаванні КУП "Мінсккамунцепласетка".