Канапацкай зрэзалі заробак за выезд з краіны без згоды Адміністрацыі прэзідэнта
Апазіцыйнай дэпутатцы Палаты прадстаўнікоў Ганне Канапацкай у табель уліку працоўнага часу за чэрвень не ўключылі два дні. У гэты час яна выязджала з краіны без дазволу Адміністрацыі прэзідэнта.
У каментары tut.by дэпутатка патлумачыла, што яе хвалююць не заробак за два страчаныя дні, а спробы такім чынам абмежаваць яе права выказваць альтэрнатыўнае меркаванне. Канапацкая распавяла, што парадак выезду дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў за мяжу рэгулюецца ўказам прэзідэнта. Камандзіроўка дэпутата мусіць узгадняцца з Адміністрацыяй прэзідэнта не пазней за 10 дзён да даты выезду.
27-28 чэрвеня прадстаўніца АГП была ў Брусэлі на сустрэчы ў Еўрапарламенце. "Ва ўсіх астатніх днях у мяне стаіць 8 працоўных гадзін, у гэтых двух — не стаіць нічога. Ні прагул, ні адпачынак, проста напісана па-за табелем, што два дні аплаце не падлягаюць", — распавяла Канапацкая.
Канапацкая напісала запыт у сакратарыят Палаты прадстаўнікоў, каб даведацца, чаму ёй не залічылі два працоўныя дні. Старшыня камісіі па эканамічнай палітыцы (куды ўваходзіць дэпутатка) Уладзіслаў Шчэпаў прапанаваў ёй напісаць тлумачальную, на што Канапацкая адказала адмовай.
"Тады ён яшчэ сказаў, што гэта не яго рашэнне. І што калі я сама еду, то я нясу сваё меркаванне, а не меркаванне Палаты", — дадала дэпутатка.
Паводле неафіцыйных звестак Еўрарадыё, Канапацкая пісала адпаведны запыт на свой выезд. Аднак пра тое, што дазволу на паездку не далі, апазіцыйная дэпутатка даведалася ўжо ў аэрапорце перад самым вылетам.
"Справа не ў двух днях заробку, для мяне гэтыя грошы вялікай ролі не адыгрываюць. А справа ў тым, што ніхто не разумее, як і што павінен рабіць дэпутат. Я хачу памяняць сітуацыю і каб памянялася мысленне: калі ёсць апазіцыйны дэпутат, у яго ёсць права казаць меркаванне, адрознае ад пункту погляду Палаты. Гэта нармальна, гэта і ёсць плюралізм меркаванняў, і гэта добра для Беларусі", — тлумачыць апазіцыйная дэпутаткі.