Канцлер Германіі і прэм'ер Польшчы абмеркавалі магчымыя новыя санкцыі супраць РБ

Олаф Шольц і Матэвуш Маравецкі / Reuters​
Олаф Шольц і Матэвуш Маравецкі / Reuters​

Новыя магчымыя санкцыі ЕС супраць Мінска абмеркавалі ў Варшаве канцлер ФРГ Олаф Шольц і прэм'ер-міністр Польшчы Матэвуш Маравецкі. Пра гэта Маравецкі расказаў пасля сустрэчы на выніковай прэс-канферэнцыі.

"Мы абмеркавалі будучыя магчымыя крокі, патэнцыйныя санкцыі, якія будуць абмяркоўвацца на будучым саміце ЕС", — сказаў ён. Словы польскага прэм'ера цытуе ТАСС. Матэвуш Маравецкі таксама падкрэсліў, што Варшава настроена абараняць межы ЕС і НАТА. Крызіс не вырашаны.  "Кожную ноч у нас атакі. Больш за 100 спроб нелегальнага перасячэння мяжы", — падкрэсліў польскі прэм'ер.

Олаф Шольц са свайго боку сказаў, што Германія салідарная з Польшчай у гэтым пытанні. Ён з задавальненнем адзначыў, што "рашучыя дзеянні многіх краін, а таксама ў цэлым Еўрапейскага саюза ўнеслі свой уклад у тое, што рэйсы (з мігрантамі ў Беларусь — Еўрарадыё) больш не выконваюцца".

"Таму і далей мы будзем выступаць салідарна з Польшчай супраць гэтых непрымальных паводзін, гібрыднай вайны — па-іншаму гэта не сказаць. Мы будзем падтрымліваць Польшчу, каб яна не падвяргалася прымусу", — заявіў Шольц.

Сітуацыя на мяжы Беларусі з краінамі ЕС рэзка абвастрылася ў пачатку лістапада. Некалькі тысяч чалавек падышлі з беларускага боку да польскай мяжы, праз тыдзень паспрабавалі прарвацца на тэрыторыю Польшчы, ламалі загароду і кідаліся камянямі. Частка мігрантаў па-ранейшаму застаецца на мяжы, яны знаходзяцца ў гандлёва-лагістычным цэнтры, прадастаўленым беларускімі ўладамі. Частка мігрантаў вярнулася дадому. У ЕС лічаць, што да стварэння крызісу датычны Мінск. Раней Лукашэнка папярэджваў еўрапейскія краіны, што праз уведзеныя санкцыі ў яго няма "ні сіл, ні сродкаў" стрымліваць мігрантаў і кантрабанду.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі