Кандрусевіч — Румаку: калі няма міру ў душы чалавека, яго не будзе ў грамадстве
Тадэвуш Кандрусевіч / catholic.by
Кіраўнік беларускіх каталікоў мітрапаліт Мінска-Магілёўскі арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч павіншаваў з прызначэннем на пасаду ўпаўнаважанага па справах рэлігій і нацыянальнасцяў Аляксандра Румака, паведамляе партал Рымска-каталіцкага касцёла ў Беларусі.
Тадэвуш Кандрусевіч адзначыў, што міжрэлігійныя адносіны вельмі важныя як у духоўным жыцці грамадства, "так і ў яго кансалідацыі, што мае асаблівае значэнне ў наш час у нашай Айчыне, які перажывае востры грамадска-палітычны крызіс".
"Каталіцкі касцёл прапаведуе маральныя каштоўнасці, без якіх немагчыма пабудаваць мір. Бо калі няма міру ў душы чалавека, не будзе яго і ў грамадстве", — падкрэсліў кіраўнік беларускіх каталікоў.
Ён таксама нагадаў, што вялікім здабыткам Беларусі з'яўляюцца добрыя міжканфесійныя і міжрэлігійныя адносіны. Гэтыя адносіны важна развіваць, "каб сумесна адказваць на вельмі небяспечныя выклікі часу", лічыць арцыбіскуп Кандрусевіч.
Да прызначэння на пасаду ўпаўнаважанага па справах рэлігій і нацыянальнасцяў Аляксандр Румак працаваў намеснікам міністра працы і сацыяльнай абароны. Падчас прызначэння Аляксандр Лукашэнка даў Румаку шэраг указанняў — у прыватнасці разабрацца, дзе дзяржава недапрацавала ў адносінах з цэрквамі. "Будзем адкрытыя, асобныя кіраўнікі павялі сябе, мякка кажучы, па-антыдзяржаўнаму", — сказаў Лукашэнка. Ён сказаў, што ўлада не будзе ўмешвацца ў веру і пачуцці людзей, але будзе "абараняць сваю дзяржаву".
Пасля выбараў арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч, які выступаў супраць гвалту, не змог вярнуцца ў Беларусь — 31 жніўня яго не пусцілі ў краіну з замежнай паездкі. Толькі днямі было дасягнутае пагадненне, што ён можа вярнуцца. Напярэдадні міністр замежных спраў Уладзімір Макей заявіў, што ў адказ на просьбу Папы Францішка, "зыходзячы менавіта з пачуцця глыбокай павагі да Папы Рымскага і асабістых добрых адносін, кіраўнік беларускай дзяржавы палічыў магчымым пайсці насустрач" і пашукаць магчымасці, каб кіраўнік беларускіх каталікоў змог вярнуцца ў краіну.
Пра тое, што Тадэвуш Кандрусевіч можа прыехаць у Мінск ужо 23 снежня, Еўрарадыё расказаў прэс-сакратар Каталіцкага касцёла Юрый Санько.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.