Лукашэнка: асобныя рэлігійныя лідары павялі сябе па-антыдзяржаўнаму

Лукашэнка: асобныя рэлігійныя лідары павялі сябе па-антыдзяржаўнаму

Прызначаючы Аляксандра Румака на пасаду Упаўнаважанага па справах рэлігій і нацыянальнасцяў, Аляксандр Лукашэнка паставіў перад ім задачу захаваць міжрэлігійны і міжканфесійны мір. 

Пры гэтым ён падкрэсліў, што стаіць задача абараняць дзяржаву. "Мы не ўмешваемся ў веру, я яшчэ раз падкрэсліваю гэта, не ўмешваемся ў пачуцці людзей. Але мы павінны абараняць сваю дзяржаву. Нашы вернікі жывуць у беларускай дзяржаве. І ўсе лідары канфесій таксама жывуць у гэтай дзяржаве", — цытуе БЕЛТА словы Лукашэнкі. 

Пасля гэтага Лукашэнка абрынуўся на неназваных асобных рэлігійных лідараў: "Будзем шчырыя, асобныя кіраўнікі павялі сябе, мякка кажучы, па-антыдзяржаўнаму. Кіраўніцтва. Я не бяру людзей, яны дачынення да гэтага не маюць. А менавіта, там некалькі чалавек зарэкамендавалі сябе не вельмі. Будзем лічыць, што памыліліся"

Ён заклікаў разабрацца, у чым недапрацавала дзяржава ў гэтай сферы. Таксама Лукашэнка заявіў, што трэба "самым жорсткім чынам спыняць ўсіх тых, хто разбурае мірнае стваральнае жыццё нашага народа і працуе на шкоду нашай дзяржаве. Іх не шмат, але мы іх павінны бачыць. У тым ліку і ў рэлігійным асяроддзі"

Ужо некалькі месяцаў беларуская дзяржава фактычна змагаецца з Рымска-каталіцкім касцёлам. Яго кіраўнік у Беларусі мітрапаліт Тадэвуш Кандрусевіч не можа вярнуцца на радзіму, бо яго проста не пускаюць праз мяжу. Перад тым Кандрусевіч падтрымаў збітых пратэстоўцаў і спрабаваў трапіць у ізалятар на Акрэсціна. Падчас зачыстак на плошчы Незалежнасці ў Мінску сілавікі не аднойчы выцягвалі пратэстоўцаў з Чырвонага касцёла або перакрывалі ўваход і выхад з яго.

Праз адміністрацыйныя арышты прайшлі шэраг каталіцкіх і праваслаўных святароў. 

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі