Канфлікт з АМАПам на мінскім моры: Мужчыну на мыліцах апраўдалі, жанчыне ― штраф
Удзельніца канфлікту на "нудысцкім" пляжы Мінскага мора, якая бараніла жанчыну, што загарала топлес, атрымала штраф у 30 базавых (5,4 мільёна рублёў). Яе муж апраўданы. Мінскі раённы суд разгледзеў справу па выніках сутычкі АМАПу і купальшчыкаў на пляжы.
Нагадаем, што здарэнне адбылося 8 жніўня. Пачалося з таго, што спецназаўцы падышлі да жанчыны сярэдняга веку, якая загарала топлес, лежачы на жываце. Іншыя купальшчыкі пачалі за яе заступацца.
Паводле міліцэйскай версіі, людзі нахабна перашкаджалі праваахоўнікам весці адміністрацыйны працэс: абступілі з усіх бакоў, чапляліся за форму і праводзілі відэаздымкі. Самі ж удзельнікі інцыдэнту сцвярджаюць, што абурыліся дзеяннямі АМАПу з-за несправядлівасці, грубасці і нецэнзуршчыны.
У інтэрнэт трапіла відэа, на якім бачна, як спецназавец збівае з ног… мужчыну на мыліцах і праводзіць прыём на яго жонцы. Ці то ад удару, ці то ад штуршку яна грымнулася на пясок.
Абаіх пасля сутычкі забрала “хуткая”. Зрэшты Валерый (той самы мужчына на мыліцах) і яго жонка Ганна таксама аказаліся медработнікамі.
А ў пачатку кастрычніка суд Мінскага раёна вынес рашэнне па адміністрацыйнай справе, якую распачалі пасля інцыдэнту на пляжы.
Сямейную пару абвінавачвалі ва “Умяшанні ў вырашэнне справы аб адміністрацыйным правапарушэнні” і “Непадпарадкаванні службовай асобе”.
“Рашэнне суда абскарджваем і мы, і міліцыя. Наш бок перакананы, што Ганна таксама невінаватая. Міліцыя лічыць, што мяне апраўдалі несправядліва, а жонцы трэба даць яшчэ большы штраф”, — распавядае Еўрарадыё Валерый.
Касацыйная скарга будзе разглядацца ў Мінскім абласным судзе. Дакладная дата пакуль невядомая.
Калі Еўрарадыё рыхтавала матэрыялы пра скандальны інцыдэнт на Мінскім моры, з’явілася інфармацыя датычна асобы таго самага амапаўца Алега А., які правёў прыёмы на сямейнай пары. Аказалася, што праваахоўнік сёлета ўжо прыцягваў Ганну да адказнасці за распіванне алкаголю ў грамадскім месцы. Жанчына сцвярджала, што бутэльку ёй падкінулі. І разбор палётаў скончыўся тым, што пратакол быў адменены.
А ў 2011 годзе той жа Алег А. “вызначыўся” ў Крупках, дзе за адзін вечар у розных частках горада былі затрыманыя 48 чалавек. На адным з судовых пасяджэнняў старшыня суда злавіла яго на несупадзеннях. Чалавека, супраць якога амапавец даваў паказанні, апраўдалі.
Адказваючы на пытанне Еўрарадыё, міністр унутраных спраў Ігар Шуневіч заявіў, што міліцыянеры на мінскім моры дзейнічалі згодна з "літарай закона", але не ў "духу закона". За гэта яны былі падвергнутыя... крытыцы.
“Ніякую норму заканадаўства яны не парушылі. Зразумела, усё адбылося не без хібаў. У дадзеным выпадку, паводле ацэнкі нашых экспертаў, супрацоўнікі не выявілі належнай міліцэйскай кемлівасці. Элементы непрафесіяналізму прысутнічалі. За гэта яны падвергнутыя крытыцы, аналізу, навучанню і гэтак далей”, ― сказаў Ігар Шуневіч.
Мінскі раённы аддзел Следчага камітэта праводзіць праверку наконт таго, ці законна АМАПаўцы ўжывалі фізічную сілу падчас інцыдэнту. Інфармацыі пра заканчэнне праверкі і яе вынікі пакуль няма.
А Валерый і Ганна разважаюць над тым, ці падаваць ім заяву ў суд за паклёп, які яны бачаць у дзеяннях адной са службовых асоб УУС Мінаблвыканкама.
“У СМІ паведамлялася пра тое, што Ганна прыцягвалася да адказнасці за распіванне на пляжы алкаголю. Але на той момант пратакол быў скасаваны. Атрымліваецца, што чалавека абвінавацілі ў тым, чаго ён не рабіў”, — падкрэслівае Валерый.
Еўрарадыё паведаміць пра новыя павароты гэтай гісторыі.