За адпачынак топлес дзяўчыне пагражае штраф 5,4 млн, яе абаронцам — 9

У суботу на пляжы Мінскага мора адбылася сутычка адпачываючых і АМАПа, у выніку чаго былі затрыманыя дзве жанчыны і мужчына.

“Да нас звярнулася жанчына, што побач з ёй загарае аголеная дзяўчына, — распавядае супрацоўнік Мінскага абласнога УУС. — Супрацоўнікі міліцыі прыйшлі, зрабілі ёй заўвагу. Яна на гэтую заўвагу ніяк не адрэагавала, таму яны прапанавалі ёй прайсці ў машыну. Яна пагадзілася і ніякіх прэтэнзіяў у яе не было. Людзі, якія адпачывалі побач, пачалі крычаць “што вы яе забіраеце!”, падскочылі да АМАПаўцаў, пачалі здымаць на камеру, хапаць за форму… Ну, адштурхнулі гэтую жанчыну і прапанавалі прайсці”.

Жанчыне, якая загарала топлес, інкрымінуюць артыкул 17.1 адміністрацыйнага кодэксу РБ “Дробнае хуліганства”. То бок дзяўчыне пагражае штраф у памеры ад двух да трыццаці базавых велічыняў (360 000 — 5 400 000 рублёў), ці адміністрацыйны арышт. Паводле вызначэння, дробнае хуліганства — гэта “нецэнзурная лаянка ў грамадскім месцы, абразлівае чаплянне да грамадзян і іншыя наўмысныя дзеянні, якія парушаюць грамадскі парадак, дзейнасць арганізацый ці спакой грамадзян і якія выяўляюцца ў відавочнай непавазе да грамадства”. На думку юрыста Тамары Сідарэнка, сам артыкул кажа пра парушэнне маральных прынцыпаў грамадства, а гэтае паняцце даволі шырокае і недакладнае.

“Я лічу, што ў гэтым выпадку, можа, і ёсць замах на грамадскую маральнасць, але ніякай грамадскай небяспекі ў ім няма, і тут цягне максімум на амаральную правіну, — разважае Тамара Сідарэнка. — Дзяўчына ж не кідала выклік грамадскай маралі, бо па гэтым пытанні ў нашым грамадстве ўсё ж такі меркаванне разыходзіцца. Таму хуліганства я б тут не ўгледзела”.

На відэа, якое з’явілася ў інтэрнэце, бачна, што жанчына і мужчына на мыліцах пасля таго, як іх "адштурхнулі" міліцыянты, валяцца на зямлю. Прычым, жанчына ўвесь час трымаецца за шчаку. Па словах відавочцаў, якія пацвярджаюць і ў абласным УУС, дваіх “абаронцаў” з пляжа забірала хуткая.

“Яны запатрабавалі выклікаць хуткую. Яна прыехала і забрала жанчыну ды яе мужа з гіпсам, які пачаў казаць, што яму там па другім разе нагу зламалі, — кажа супрацоўнік міліцыі. — Але на сёння гэтая жанчына з бальніцы выпушчаная, бо ў яе ніякіх траўм ды пашкоджанняў няма. А муж яшчэ знаходзіцца ў бальніцы, бо ў яго нага ў гіпсе, і толькі сёння бліжэй да вечара стане зразумела, што ў яго там. Але супрацоўнікі міліцыі працавалі ў межах закону і ніякай унутранай праверкі не праводзіцца”.

Абодвум “абаронцам” інкрымінуюць артыкулы 23.3 “Умяшанне ў разрашэнне справы пра адміністрацыйнае правапарушэнне” і 23.4 “Непадпарадкаванне законнаму распараджэнню ці патрабаванню службовай асобы пры выкананні ім службовых паўнамоцтваў”. Па кожным з іх пары пагражае адміністрацыйны арышт ці штраф ад 3 600 000 да 9 000 000 рублёў.

Чытайце таксама:

Хлопец, які тануў у Драздах, памёр з-за несвоечасовай дапамогі?

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі