"У рапарце АМАПавец напісаў, што жонка схапіла яго за шыю, ударыла каленам"

Сутычка АМАПа з купальшчыкамі, якая здарылася на Мінскім моры, набывае новыя павароты. Нагадаем, 8 жніўня людзі заступіліся на пляжы за жанчыну, якая загарала топлес. Інцыдэнт некаторыя купальшчыкі знялі на відэа і выклалі запіс у інтэрнэт. Тады ад АМАПаўца Алега А. найбольш дасталася мінскаму ўрачу Валерыю і яго жонцы Ганне. Абодва пасля прыёмаў упалі на пясок. Пры гэтым Валерый у момант сутычкі быў на мыліцах з-за гіпсу на назе, а Ганну закавалі ў кайданкі. У выніку пару замест аддзялення міліцыі давялося везці ў шпіталь.

За тыдзень да гэтага выпадку той самы АМАПавец Алег А. затрымліваў Ганну на тым жа пляжы нібыта за распіванне алкаголю ў грамадскім месцы. Жанчына сцвярджала, што цёмную бутэльку ёй падкінулі, а справу сфальсіфікавалі.

“У мяне на руках выпіска, якую мы ўзялі ў міліцыі. Справа наконт распівання алкаголю ў адносінах да маёй жонкі спыненая”, — паведамляе Еўрарадыё Валерый.

Гэта не адзіная навіна. Як сцвярджаюць удзельнікі сутычкі, сітуацыяй ужо зацікавіліся і ў МУС, і ў Следчым камітэце. Хоць першапачаткова міліцыя паведамляла, што ніякіх праверак не будзе, бо амапаўцы паводзілі сябе законна.

“Мы ўжо далі тлумачэнні ўчастковаму з РАУС Мінскага раёна. Пасля мы хадзілі ў Следчы камітэт. Разбіральніцтва вядзецца. Правяраюць законнасць дзеянняў міліцыі і нашы паводзіны”, — кажа Валерый.

“Дапісаліся да таго, што жонка нібыта правяла на амапаўцы прыём з тайскага боксу”

Амапавец Алег А. раней  ужо трапляў у эпіцэнтр гучнага скандалу. Падчас масавых затрыманняў людзей у Крупках (справа была ў 2011 годзе) суд не палічыў рапарт А. праўдзівым (пагадзіцеся, рэдкая для Беларусі сітуацыя), чалавека апраўдалі. Але амапаўца не пакаралі, ён застаўся працаваць. Валерый апавядае пра тое, што Алег А. і яго калегі напісалі па слядах сутычкі на Мінскім моры:

Інцыдэнт на Мінскім моры: версіі сведак і міліцыі 

“У рапартах было сказана, што жонка рвала на Алегу А. кашулю, пагоны. Дапісаліся да таго, што яна нібыта правяла на ім прыём з тайскага боксу: схапіла за шыю і ўдарыла каленам у жывот. Наконт мяне сказана, што я размахваў мыліцамі, хапаў іх за рукі. Усе гэтыя паказанні смешна чытаць. І смешна было чытаць афіцыйны каментар МУС у прэсе, дзе сказана, што амапаўцы не прымянялі мер фізічнага ўздзеяння. Хоць гэта зафіксавана на відэа”.

Валерый і Ганна рыхтуюць яшчэ адну скаргу — у пракуратуру. Яны хочуць дабіцца поўнага апраўдання ў гісторыі з сутычкай на Мінскім моры і прагнуць таго, каб Алега А. звольнілі з органаў унутраных спраў. 

Па скандальным амапаўцы з’яўляюцца ўсё новыя і новыя скаргі

Еўрарадыё пагутарыла з яшчэ адным мінчанінам, які год таму меў пляжны канфлікт з Алегам А. Юрыст Вячаслаў Кірдун разам з дзяўчынай загараў на Мінскім моры ў імпазантнай бялізне, якая падалася амапаўцу падазронай.

“Ён мне сказаў, што я затрыманы за знаходжанне ў грамадскім месцы ў голым выглядзе. Казаў пры гэтым абразлівыя рэчы кшталту п….ас, але сам абвінавачваў мяне ў тым, што я нецэнзурна лаюся. Сведкамі гэтай сітуацыі было чалавек 20, ніхто з прысутных наконт мяне не абураўся. Давёў ён мяне да рампы на пляжы, звязаўся з дзяжурным, бо ён, як я разумею, не інспектар адміністрацыйнай практыкі. Але ніхто не прыехаў, і дзяжурны афіцэр даў загад мяне адпусціць. Паўгадзіны яны абмяжоўвалі мае канстытуцыйныя правы, не было складзена ніводнага працэсуальнага дакумента. З гэтай нагоды я звяртаўся са скаргай на імя начальніка УУС Мінаблвыканкама. У выніку атрымаў адказ, што “праведзена праверка, і ў дзеяннях супрацоўнікаў не ўстаноўлена ніякіх парушэнняў”. Было прынята непісьменнае рашэнне, не былі выяўленыя абставіны. Нават мяне, заяўніка, для дачы тлумачэнняў ніхто не выклікаў. Атрымліваецца, што міліцэйскае кіраўніцтва пакрывае вось такіх супрацоўнікаў”, — канстатуе Кірдун.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі