Матэрыялаў наконт сутычкі купальшчыкаў і АМАПу ў Следчым камітэце няма
Бліжэйшым часам людзі, у якіх здарыўся канфлікт з міліцыяй на Мінскім моры, збіраюцца даць тлумачэнні ўчастковаму, а потым яны звернуцца ў пракуратуру
Еўрарадыё працягвае адсочваць развіццё сітуацыі з канфліктам грамадзян і міліцыі, які адбыўся 8 жніўня на пляжы на Мінскім моры. Людзі заступіліся за жанчыну, якая загарала топлес, і якую збіраліся затрымаць. Узнікла патасоўка. Відэа здарэння патрапіла ў інтэрнэт, за дзесяць дзён на YouTube яго праглядзелі больш за 300 тысяч разоў. А поўны ролік можна паглядзець па гэтай спасылцы.
"У рапарце АМАПавец напісаў, што жонка схапіла яго за шыю, ударыла каленам"
Валерый С. — той самы мужчына на мыліцах, які паваліўся на пясок пасля падсечкі ад амапаўца — ужо быў у РАУС Мінскага раёна, дзе даваў тлумачэнні ўчастковаму. Паводле яго словаў, у той жа дзень гэта працэдура паўтарылася і падчас сустрэчы са следчым (РАУС і Следчы камітэт знаходзяцца ў адным будынку). Гэтую працэдуру Валерый С. расцаніў як “разбор сітуацыі”.
Аднак галоўны інспектар Упраўлення СК па Мінскай вобласці Таццяна Беланог у аўторак, 18 ліпеня, паведаміла, што матэрыялаў у яе ведамстве няма.
Валерый С. і яго жонка падрыхтавалі скаргу ў пракуратуру, куды звернуцца найбліжэйшым часам.