Амапаўца з “нудысцкага пляжа” суд раней лавіў на некарэктных сведчаннях
У 2011 годзе ў Крупках, дзе за адну ноч затрымалі 48 чалавек, ён склаў рапарт на мясцовага жыхара. Але ў судзе чалавека цалкам апраўдалі.
Міліцыя Мінскай вобласці не збіраецца праводзіць праверку ў адносінах да сваіх супрацоўнікаў пасля канфлікту на Мінскім моры.
Нагадаем, што ў суботу, 8 жніўня, на пляжы здарылася патасоўка: людзі масава заступіліся за купальшчыцу, якая нібыта загарала топлес. Тады пасля прыёмчыкаў ад амапаўца на пясок паваліўся мужчына з мыліцамі і яго жонка. На відэа канфлікт выглядае даволі жорстка і людзі сцвярджаюць, што па-за межамі аб'ектыву адбываліся яшчэ больш брутальныя рэчы.
Дык вось многія сведкі скардзяцца на самага актыўнага амапаўца — Алега А., які праводзіў байцоўскія прыёмы. Шукаем інфармацыю пра гэтага чалавека у інтэрнэце і тут жа знаходзім безліч матэрыялаў.
У 2011 годзе спецназавец ў УУС Мінгарвыканкама Алег А. гучна “засвяціўся” ў Крупках, дзе за адзін вечар у розных частках горада затрымалі 48 чалавек. На адным з судовых пасяджэнняў старшыня суда злавіла міліцыянера і дваіх яго калег на несупадзеннях. Тады жыхара Крупак Руслана Вілюху апраўдалі, ён на гэтым не спыніўся і пачаў скардзіцца на міліцыянераў у розныя інстанцыі. Але, як бачым, Алег А. дагэтуль працягвае ствараць інфармацыйныя нагоды.
Скаргі на “геройствы” АМАПу ў Крупках: да адказнасці афіцыйна ніхто не прыцягнуты
Знаходзім таго самага Руслана Вілюху.
“Тады мяне ні за што на трое сутак пасадзілі ў камеру папярэдняга зняволення, збілі, як нейкага сабаку. Натуральна, я прагнуў справядлівасці. Тады якраз стваралі Следчы камітэт, які і займаўся разглядам маіх скаргаў, — згадвае мужчына. — Але мне шчыра сказалі, што гэта было фармальнасцю. Нават мяне самога ніхто не апытваў. Не было ні экспертыз, ні вымання відэазапісу. Ніхто нічога не рабіў. Такога, што некага звольнілі з органаў, мне не вядома”.
Ці біў яго ў момант незаконнага затрымання непасрэдна сяржант Алег А., мужчына не памятае: амапаўцаў было зашмат.
“Мяне кінулі на падлогу, і каля шасці чалавек на мяне накінуліся. І я адчуваў, што тры-чатыры чалавекі рабілі выгляд, што мяне скручваюць і б’юць. Не ўсе супрацоўнікі АМАПу дрэнныя. А, можа, двое тады білі мяне старанна. Ці быў сярод іх Алег А., я не памятаю”, — кажа Вілюха.
Сярод незаконна затрыманых у 2011 годзе жыхароў Крупак быў і грамадзянін Беларусі ліванскага паходжання Фарук Кабалан. Яго віна ў судзе таксама не пацвердзілася.
“Яны вельмі дрэнныя людзі. Абражалі мяне за веру і за ўсё іншае. Абяцалі, што іх выганяць. Пасля некаторых я выпадкова сустрэў у Мінску. Мне сказалі, што дваіх з міліцыі выгналі. А аднаго пакінулі. Можа, гэта і ёсць Алег А.?” — задаецца пытаннем Кабалан.
На развітанне мужчына расказаў і пра тое, што пасля гісторыі з апраўдальным рашэннем суда ён увесь час мае праблемы з адным высокапастаўленым крупскім міліцыянерам. На Кабалана нават распачыналі крымінальную справу, якая ў выніку развалілася.
УУС Мінаблвыканкама: “Мужчына ў гіпсе крычаў, што супрацоўнікаў здымуць на відэа і павыганяюць з органаў
“Ніякіх унутраных праверак не праводзілася і не будзе праводзіцца. Супрацоўнікі дзейнічалі ў межах закона. Ёсць і іншыя відэа, прагледзеўшы якія, адпадуць любыя сумневы наконт законнасці дзеянняў супрацоўнікаў міліцыі”, — сцвярджаюць у службе інфармацыі і грамадскіх сувязяў міліцыі Мінскай вобласці.
Яшчэ адно відэа, пра якое вядзецца гутарка, як сцвярджаюць у міліцыі, ёсць у сацсетках. Яго шукалі ўсім калектывам Еўрарадыё і не знайшлі.
Ва УУС Мінаблвыканкама гэта відэа нам апісалі на словах. На ім, паводле версіі міліцыі, бачна, як супрацоўнікі падыходзяць да жанчыны (той самай, якая, паводле версіі міліцыі, загарала топлес), прадстаўляюцца. Пры гэтым на месцы падзеяў было не толькі два амапаўцы, але і іншыя міліцыянеры (ад пяці да сямі чалавек).
Правапарушальніца сабрала рэчы і пайшла з супрацоўнікамі ў машыну для складання пратаколу. Побач знаходзіліся двое адпачываючых. Пачалі "скакаць"… А далей усё паказана на кароткім відэа, якое абляцела інтэрнэт. У міліцыі ўвагу Еўрарадыё акцэнтуюць на мужчыне ў гіпсе і яго жонцы.
“На відэа жанчына правакуе супрацоўніка АМАП на бойку і хапае за форму, — лічаць ў міліцыі. — Мужчына з гіпсам крычаў: “Я вас паздымаю, гэта абляціць усе інфармацыйныя крыніцы і вас з працы павыганяюць”. Хіба гэта правільна? Гэта яны выклікалі хуткую, нібыта іх збілі. Але ні ў аднаго, ні ў другога няма ніякіх пашкоджанняў”.
Таксама ва УУС Мінгарвыканкама Еўрарадыё расказалі перадгісторыю скандалу на Мінскім моры. За месяц да гэтага на жанчыну (тую, якая павалілася на пясок пасля ці то ўдару, ці то штуршку ад амапаўца, — Еўрарадыё) склалі пратакол за распіванне алкаголю ў грамадскім месцы.
“Яна не згодная і падала скаргу ў Следчы камітэт на незаконныя, як ёй падаецца, дзеянні супрацоўнікаў міліцыі, — апавядаюць ва УУС Мінаблвыканкама. — А канфлікты на гэтым пляжы цягнуцца ўжо пяць год. Адны скардзяцца, што з-за аголеных людзей немагчыма прайсці з дзецьмі, другія — што прышчамляюць іх правы. Хоць гэта чыстае хуліганства, парушэнне грамадскага парадку”.