Караткевіч вінавацяць у фальсіфікацыі подпісаў, яна кажа пра "брудныя гульні"
Праз паўгода пасля прэзідэнцкіх выбараў Яраслаў Берніковіч, каардынатар збору подпісаў за Таццяну Караткевіч па Мінску, вінаваціць яе штаб у фальсіфікацыях.
Нібыта ў сталіцы за яе сабралі толькі 14 тысяч подпісаў, а ў ЦВК падалі 55 тысяч.
"У мінулым годзе я працаваў у "Гавары праўду" і ў мяне былі пэўныя абавязальніцтвы. Чаму я сёння пра гэта кажу? Ну калісьці ж трэба. Я працаваў каардынатарам па Мінску і ведаю дакладна сабраную колькасць подпісаў", — тлумачыць Яраслаў Берніковіч.
І публікуе ксеракопіі подпісаў. Як распавядаюць журналісты, якія ёсць у гэтых спісах, подпісы могуць датавацца 2010 годам. Іншыя кажуць, што ў спісах яны ёсць, але подпісы з іх так і не сабралі.
Таццяна Караткевіч называе заявы Берніковіча "бруднымі гульнямі". І звязвае іх з яго ўдзелам у Кангрэсе апазіцыі, які прайшоў у мінскім скверы Янкі Купалы 15 траўня.
"Мы падалі ўсе подпісы, якая сабралі. Іх было стольі, колькі зафіксавала ЦВК. Берніковіч сышоў з "Гавары праўду" пасля Новага году. Гэта звычайныя брудныя, закулісныя гульні апазіцыі. Яраслаў стаў адным з арганізатараў Кангрэса, які праходзіў у мінскім скверы Янкі Купалы. Я думаю, гэта звязана. Тым больш ваш журналіст прыходзіў у наш офіс, і мы прадставілі сканы ўсіх подпісаў", — кажа Таццяна Караткевіч.
Журналісты Еўрарадыё сапраўды правяралі сабраныя за гэтага кандыдата подпісы. Але пабачыць усе подпісы не мелі магчымасці. Журналіст фатаграфаваў толькі некаторыя. Што праўда, яны аказаліся сапраўднымі.
Подпісы Таццяны Караткевіч збіралася праверыць і Грамадзянская камісія з прадстаўнікоў іншых апазіцыйных структур. Ім таксама подпісы не паказалі. Кіраўнік кампаніі Андрэй Дзмітрыеў заявіў, што не мае ўсіх копіяў.
"Мы распрацавалі падыход, які дазволіў аб'ектыўна ацаніць сітуацыю. Але для гэтага мусіў быць доступ да ўсіх ксеракопій подпісаў. Але штаб па такой схеме адмовіўся падаваць подпісы", — апісвае ініцыятар Грамадзянскай камісіі Юрась Губарэвіч.
Атрымліваецца, подпісы Караткевіч правяралі і спрабавалі праверыць як мінімум тры разы: Цэнтравыбаркам, журналісты, грамадзянская камісія. Ці будзе чацвёрты? Інтрыга.