Касінераў: Начальнік мінскай міліцыі адкрыта хлусіў пра мяне

Касінераў: Начальнік мінскай міліцыі адкрыта хлусіў пра мяне

Позву аб абароне годнасці і кампенсацыі маральнай шкоды анархіст Вячаслаў Касінераў накіраваў ў суд Цэнтральнага раёна Мінска. Нагодай для заявы ў суд стаў відэасюжэт “Хуліган-анархіст, які апаганіў скульптуру гарадавога ў Мінску, застанецца ў СІЗА да рашэння суда”. У сюжэце, сцвярджае Касінераў, пададзеныя непраўдзівыя звесткі, якія прыніжаюць яго гонар і годнасць.

Касінераў: “Мяне ўразіла тое, што пра мяне адкрыла хлусяць, хлусіць Барсукоў (начальнік мінскай міліцыі. — Еўрарадыё). Яшчэ да прысуду мяне называлі хуліганам, хаця ніхто мяне хуліганам афіцыйна не прызнаў. Апроч таго, калі па тэлеканале пра мяне кажуць, што ў мяне ёсць тры крымінальныя судзімасці, што я хуліган і што на мне няма дзе кляйма ставіць — гэта ж абсурд! Гэта чарговая спроба дыскрэдытацыі, як і ў выпадку ўсіх іншых палітычна матываваных справаў. Каб дыскрэдытаваць чалавека ў вачах грамадства. Відавочна, гэта было зроблена наўмысна адразу пасля таго, як праваабаронцы прызналі мяне палітвязнем”.

Анархіста Касінерава затрымалі за праведзены ім 12 сакавіка 2017 года перформанс каля будынку МУС, падчас якога ён накінуў пятлю на ўсталяваную там статую паліцэйскага-гарадавога. Такім чынам ён выказаў пратэст супраць міліцэйскага самаавольства і пераследу актывістаў анархісцкага руху за ўдзел у мірных акцыях пратэсту. Касінераву выставілі абвінавачванне ў хуліганстве. Суд Маскоўскага раёна пакараў актывіста штрафам у пяць базавых велічынь.

Па словах Касінерава, ён не спадзяецца выйграць суд і атрымаць з АНТ і МУС грошы. Найперш, кажа анархіст, ён хоча прыцягнуць увагу грамадскасці да метадаў дыскрэдытацыі людзей, якім карыстаюцца беларускія праваахоўнікі пры дапамозе дзяржаўных СМІ. 

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі