Кавідныя аддзяленні Брэсцкай бальніцы вяртаюць да аказання планавай дапамогі
Брэсцкая абласная клінічная бальніца / facebook.com/bresthospital
Хоць новых пацыентаў з COVID у Брэсцкай вобласці менш не становіцца, абласныя ўлады пачалі вяртаць перапрафіляваныя аддзяленні да планавай працы. Так, з 1 лістапада ў Брэсцкай абласной клінічнай бальніцы аднаўляюць планавую працу кардыяхірургічнае і кардыярэанімацыйнае аддзяленні, паведамляе БЕЛТА.
Кардыяхірургія, у прыватнасці, як каранавіруснае аддзяленне прапрацавала крыху больш за тры тыдні. Гэта "адно з аддзяленняў, якое цалкам укамплектаванае кіслароднымі кропкамі для падачы кіслароду пацыентам", нагадаў галоўны ўрач бальніцы Аляксандр Карпіцкі.
Цяпер, па словах Карпіцкага, заўважаецца "невялікае зніжэнне тэмпаў росту колькасці пацыентаў" з COVID, таму было прынятае рашэнне "аднавіць планавую кардыяхірургічную дапамогу".
За выходныя аддзяленні вымылі. Сёння яны павінныя прыняць першых пацыентаў-сардэчнікаў. У планах Брэсцкай абласной бальніцы на гэтым тыдні вярнуць да звычайнай працы пульманалогію, а затым і таракальнае аддзяленне. Такім чынам, з сямі дадаткова разгорнутых у клініцы пад кавідных хворых аддзяленняў застанецца тры.
Аляксандр Лукашэнка 19 кастрычніка правёў нараду, прысвечаную сітуацыі з каранавірусам. На ёй ён запатрабаваў адмяніць абавязковы масачны рэжым і не адмаўляцца ад планавай меддапамогі. "Ніякай адмены планавых маніпуляцый, аперацый, кансультацый быць не павінна", — заявіў ён.
Між тым міністр аховы здароўя Беларусі Дзмітрый Піневіч напярэдадні заявіў, што інтэнсіўнага зніжэння захворванняў на COVID-19 у Беларусі пакуль не назіраецца.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.