КДБ: Мы ведаем пра ўраджэнцаў Беларусі братоў Доўбашаў
Беларускія спецслужбы ведаюць пра ўраджэнцаў Беларусі братоў Доўбашаў, якіх падазраюць у датычнасці да тэрактаў у Бруселі. Пра гэта заявіў прэс-сакратар КДБ Дзмітрый Пабяржын.
"Гэтыя асобы Камітэту дзяржаўнай бяспекі вядомыя. І праводзіцца праверка інфармацыі пра іх магчымую датычнасць да тэрарыстычнай дзейнасці", — заявіў Еўрарадыё кіраўнік прэс-службы КДБ Дзмітрый Пабяржын. З якой нагоды браты Доўбашы вядомыя КДБ, суразмоўца Еўрарадыё не ўдакладняе.
У сваю чаргу tut.by піша, што браты Доўбашы і Марат Юнусаў, якога згадваюць разам з імі, паходзяць з Гомельскай вобласці. Але гэтыя асобы ўжо некалькі гадоў жывуць у Еўропе.
Так, Марат Юнусаў атрымаў грамадзянства Бельгіі ў 2008 годзе. Аляксей Доўбаш жыў у Бельгіі з 2007 года. Яго малодшы брат Іван таксама жыў у Бельгіі. Усе яны прынялі іслам.