КДБ развівае версію Лукашэнкі пра "дыверсантаў" на мяжы з Украінай
Беларускія памежнікі каля мяжы з Украінай
КДБ развівае версію пра "дыверсантаў" на мяжы з Украінай, агучаную ў пятніцу Аляксандрам Лукашэнкам. Сцвярджаецца, што група грамадзян Украіны і Беларусі нелегальна перайшла мяжу ў ноч з 14 на 15 лютага. Гэта было заўважана. Спачатку затрымалі асобных парушальнікаў, у якіх нібыта былі "выбуховыя прыстасаванні і іншыя сродкі паражэння".
Для пошуку астатніх удзельнікаў групы, у Лельчыцкім раёне Гомельскай вобласці ўвялі "рэжым контртэрарыстычнай аперацыі" (у чацвер у мясцовым райвыканкаме гэта тлумачылі "вучэннямі"). КДБ паведамляе, што ў выніку "чэкісцка-вайсковай аперацыі" ў памежжы затрымалі іншых удзельнікаў "дыверсійна-разведвальнай групы" і іх "памагатых". Колькі агулам затрымалі чалавек, не ўдакладняецца. Лукашэнка гаварыў, што ў складзе групы быў адзін беларус. А яе мэтай былі дыверсіі ў Расіі і Беларусі.
Дзяржбяспека пазней назвала прозвішча беларуса — гэта 54-гадовы Віталь Уласюк з Брэста. Украінцы — Сяргей і Павел Кабарчукі, бацька і сын. Першы з іх, 1963 года нараджэння, жыве ў Ковельскім раёне Валынскай вобласці, з'яўляецца былым супрацоўнікам Дзяржаўнай памежнай службы Украіны. КДБ адзначае, што пасля звальнення ён з сынамі займаўся кантрабандай. Дык можа затрымалі кантрабандыстаў? Па версіі дзяржбяспекі, за гэтай групай нібыта стаіць СБУ. Крымінальныя справы распачатыя па артыкулах "падрыхтоўка да акту тэрарызму" і "агентурная дзейнасць".
Украінскія памежнікі назвалі заяву Аляксандра Лукашэнкі пра "дыверсантаў" на мяжы "абсурдам", які выкарыстоўваецца для ўнутранай аўдыторыі — людзей зноў палохаюць напярэдадні "выбараў".
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.