“Хацелі манаполію на беларускае войска”: былы баец ПКК раскрытыкаваў кіраўніцтва
Атмасфера ў палку вельмі цяжкая, лічыць былы баец ПКК Міхасюк / t.me/belwarriors
Былы баец палка імя Каліноўскага Яўген Міхасюк распавёў, што найбольш вядомае ва Украіне вайсковае фармаванне беларусаў — “калос на гліняных нагах”. Прычын даволі шмат, напрыклад, дрэнны менеджмент, хлусня, гвалт і кумаўство.
Еўрарадыё даведалася ў Яўгена, чаму ён вырашыў казаць пра гэта цяпер і чаму кіраўніцтва палка Кастуся Каліноўскага (ПКК) не хоча будаваць добрыя адносіны са Святланай Ціханоўскай і фондам BYSOL.
Міхасюк лічыць, што важна казаць пра праблемы менавіта цяпер, бо будуюцца вельмі важныя для Беларусі структуры. Калі іх падмурак — хлусня і маніпуляцыі, то яны хутка разваляцца і не будуць эфектыўныя ў патрэбны гістарычны момант.
— Я прыкладна дзесяць месяцаў знаходзіўся ў палку Каліноўскага, спрабаваў размаўляць наўпрост з кіраўніцтвам. Калі гэта не прынесла плёну і не засталося ніякіх опцыяў паўплываць на дзейнае кіраўніцтва, лічу, што публічнасць — гэта не самы горшы варыянт.
Ужо былі праблемы, звязаныя з дапамогай палку. Чамусьці кіраўніцтва адмаўлялася працаваць з фондам BYSOL. Нібыта грошы з фондаў ідуць не туды.
Пры гэтым незразумела, што са справаздачнасцю у самога палка.
— Не бачу праблемы выбраць трох журналістаў з трох розных СМІ, якім давярае грамадства, каб яны паглядзелі ўсе гэтыя паперы і справаздачы ПКК, упэўніліся, што там сапраўды ўсё празрыста і напісалі пра гэта.
Гэта, мне здаецца, было б моцным падмуркам для ПКК, каб людзі былі больш упэўненыя ў тым, што там усё празрыста. Цяпер кіраўніцтва ПКК кажа, што любы баец можа прыйсці і паглядзець нашу справаздачу. Давайце шчыра, вы прыходзіце, а там ляжыць пяць тамоў розных аркушаў, рахункаў. Няўжо звычайны баец здольны з гэтым разабрацца, ці супадае там усё? Я думаю, што не. Таму гэта такая маніпуляцыя.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.