Хатняя гаспадыня, зорка і сімвал фемінізму. Тры кінавобразы Святланы Ціханоўскай
Пра Святлану Ціханоўскую паспелі зняць не адзін фільм / калаж Улада Рубанава, Еўрарадыё
Калі разглядаць кіно выключна як інструмент гандлю, то у беларусаў пакуль што добра атрымліваецца прадаваць тэму нацыянальнай палітыкі. У гэтым плане драматычныя падзеі апошніх трох гадоў нязменна карыстаюцца попытам не толькі ўнутры краіны, дзе такое кіно цяпер пад забаронай, але і за яе межамі.
Свежы прыклад — тэлефільм выдання Deutsche Welle "Вартаўнікі ісціны", створаны турэцкім дысідэнтам і дакументалістам Джанам Дзюндарам пра лідарку дэмакратычных сіл Беларусі Святлану Ціханоўскую. Аўтар некалькі месяцаў ездзіў за ёй у замежныя камандзіроўкі, каб зразумець, як яшчэ нядаўна далёкая ад палітыкі жанчына за такі хуткі час пераўтварылася ў афіцыйнага прадстаўніка Беларусі, з якім гатовыя сустракацца і раіцца кіраўнікі заходніх дзяржаў. Прэм’ера стужкі адбудзецца 17 лютага афлайн падчас Мюнхенскай канферэнцыі па бяспецы і анлайн на ютубе нямецкага выдання.
Але "Вартаўнікі ісціны" — далёка не першы фільм, які спрабуе асэнсаваць феномен Ціханоўскай. Еўрарадыё згадвае некалькі айчынных дакументальных стужак, якія спрабуюць расказаць, хто такая Ціханоўская і якую ролю яна адыграла падчас прэзідэнтскіх выбараў 2020 года.
Ціханоўская як суперзорка
Менавіта такое ўражанне складваецца ад прагляду дакументальнага рэпартажу “Улада для народу, а не наадварот”, які ў жніўні 2020 года зрабіў журналіст TUT.BY Аляксей Суднікаў. Здымачная каманда адзін летні дзень правяла з Аб'яднаным штабам Святланы Ціханоўскай, Веранікі Цапкала і Марыі Калеснікавай, зафіксаваўшы іх паспяховы агітацыйны тур па Жлобіне, Рэчыцы і Гомелі.
Сотні і тысячы ўзрушных людзей на месцах пікетаў, гучныя спевы “Муроў” пад адкрытым небам і натоўпы ахвочых зрабіць сэлфі з кандыдаткай у прэзідэнты — рэпартаж цалкам перадае адчуванне эйфарыі аптымізму, у якой знаходзілася беларускае грамадства ў тыя часы.
Калі забыцца, што перад намі жанчыны, якія змагаюцца за ўладу ў аўтарытарнай краіне, то цалкам выглядае, што перад намі сапраўдныя поп-зоркі, якіх сапраўды любіць уся краіна. І іх галоўны канцэрт яшчэ наперадзе.
Ціханоўская як звычайны чалавек
Калі рэпартаж TUT.BY трансляваў узрушаныя настроі грамадства, якое прадчувала гістарычнасць моманту, а Аб’яднаны штаб быў яго сімвалам і правадніком, то фільм “Я — Святлана Ціханоўская” — гэта ўжо псіхалагічны партрэт чалавека, героя паняволі, вымушанага кожны дзень прымаць лёсавызначальныя рашэнні.
Стужка якраз і пачынаецца з кранальнага селфі-відэа Святланы, у якім тая прызнаецца, што ёй і яе дзецям пагражаюць, калі яна не адмовіцца ад удзелу ў выбарах. Адчуванне тупіку і суцэльнага краху перапыняецца мілай працоўнай сустрэчай і абмеркаваннем зместу будучай прамовы на мітынгу.
Паступова адчай саступае месца мяккай рашучасці і нязломнасці. І вось з такіх драматургічных арэляў складалася ў тыя часы жыццё не толькі Ціханоўскай, але і ўсіх, хто верыў у неабходнасць перамен у краіне мірным шляхам. Аўтары стварылі ў фільме вельмі ўразлівы, але зразумелы вобраз палітыка, у якім вельмі проста знайсці калі не сябе, дык дакладна сваіх блізкіх і знаёмых.
Ціханоўская як адданая жонка свайго мужа
Телевізійны фільм “Не бойся” блогера і дакументаліста телеканала “Белсат” Міхаіла Аршынскага прысвечаны яго ўласным уражанням ад назірання за прэзідэнцкай кампаніяй 2020 года і палітычнага крызісу, які разгарнуўся пасля яе. Тут адпраўнай кропкай робіцца знаёмства рэжысёра з прадпрымальнікам і блогерам Сяргеем Ціханоўскім, які праз крытыку ўлады хоча паспрабаваць прыйсці да ўлады.
Вось тут якраз і з’яўляецца Святлана, якая замест арыштаванага мужа вылучаецца ў кандыдаты, фактычна працягваючы яго справу. Гэты элемент шчырага партнёрства ў межах адной сям’і, які адсутнічаў у мінулых стужках, транслюе шмат падчас процілеглых сэнсаў, ад пераможнай эмансіпацыі да непарыўнасці сямейных сувязяў.
Але, што важней, ён абвяргае постсавецкае ўспрыняцце палітыкі як выключна бруднай і прагматычнай справы. Як высветлілася, барацьба за ўладу можа быць і пра самаадданасць, эмпатыю і шчырае каханне.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.