КХП-БНФ адмовілася ад акцыі на Дзень Волі ў Кіеўскім скверы ў Мінску
КХП-БНФ адмовілася ад акцыі на Дзень Волі ў Кіеўскім скверы ў Мінску. Прычына — гарадскія ўлады дагэтуль не далі адказу на заяўку. Пра гэта Радыё Свабода паведаміў намеснік старшыні КХП-БНФ Юрась Беленькі. У Мінгарвыканкам яго запрашалі 20 сакавіка і сказалі, што адказ будзе пазней. Аднак за дзень да дня, калі мусіла прайсці акцыя, КХП-БНФ яго не атрымала.
Партыйцы не толькі адмовіліся ад акцыі 25 сакавіка, але і накіравалі ў Генпракуратуру скаргу з патрабаваннем завесці крымінальную справу па факце перашкодаў масаваму мерапрыемству.
Ад вулічнай акцыі на 25 сакавіка адмовіліся і заяўнікі іншай акцыі (Партыя БНФ, рух "За Свабоду", рух салідарнасці "разам", АГП, аргкамітэт па стварэнні партыі БХД), якія хацелі сабраць людзей каля Акадэміі навук. У пятніцу стала вядома, што ўлады дазволілі збор і мітынг толькі на плошчы Бангалор.