КХП-БНФ атрымала дазвол на вулічную акцыю з нагоды Дня герояў
Мінаблвыканкам даў дазвол Кансерватыўна-хрысціянскай партыі — БНФ правесці 29 лістапада ў Капыльскім, Салігорскім раёнах і Слуцку вулічную акцыю. Яна будзе прысвечаная чарговым угодкам Слуцкага збройнага чыну 1920 года. Пра гэта са словаў намесніка старшыні партыі Юрася Беленькага перадае БелаПАН.
Беленькі адзначыў, што КХП-БНФ ладзіць акцыі, прысвечаныя гадавіне Слуцкага паўстання, ўжо каля 20 гадоў.
Час правядзення акцыі — з 10.00 да 16.30. Яе ўдзельнікі наведаюць вёскі Грозава, Семежава ў Капыльскім раёне, Чырвоную Слабаду (былая Вызна ў Салігорскім раёне), Слуцк. Завершыцца акцыя ў Слуцку кароткай дэманстрацыяй і мітынгам каля будынка краязнаўчага музея.
Дарэчы, дазвол на сваю акцыю атрымала і Партыя БНФ. Яна пройдзе 28 лістапада і абмяжуецца толькі Слуцкам. У 14.30 удзельнікі збяруцца каля Слуцкага краязнаўчага музея і пройдуць шэсцем у гарадскі парк культуры і адпачынку на вуліцы Віленскай. Там адбудзецца ўрачысты мітынг у памяць аб удзельніках Слуцкага паўстання 1920 года.
Фота: svaboda.org